Аб уборцы і пасяўной, падрыхтоўцы ўстановаў адукацыі да новага навучальнага года, капрамонтах, здарэннях, каранавірусе – пытанняў у панядзелак на нарадзе старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага было ўзнята нямала.
Жніво завяршаем, актыўна сеем
Уборка збожжавых на Дзятлаўшчыне завяршаецца. Сельгаспрадпрыемствы актывізуюцца да іншых відаў работ.
– Убірайце кукурузу на “падгарэўшых” участках, тут катахоў усё роўна няма, – паставіў задачу аграрыям Андрэй Уладзіміравіч. – Актыўна сейце азімыя рапс, свірэпіцу, ячмень. З 1 верасня прыступайце да ўборкі бульбы.
На парадку дня таксама вапнаванне глебы, уборка саломы, набыццё элітнага насення. Асаблівы кантроль за вытворчасцю малака і якасцю назапашаных кармоў.
Пытанні да спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання гучалі па падрыхтоўцы тэхнікі, у прыватнасці бульбаўборачнай, а таксама камбайнаў для ўборкі і пагрузчыкаў буракоў.
Кіраўнік раёна завастрыў увагу адказных службаў на чарговым інцыдэнце з крадзяжом паліва ў адной з гаспадарак. Прычым не толькі на факце крадзяжу, але і на безадказнасці кіраўніцтва гаспадаркі, дзе, хоць і ўстаноўлены сістэмы кантролю за расходам паліва на тэхніцы, нават не замацаваны спецыяліст, які павінен акумуляваць інфармацыю сістэмы і кантроль гэты фактычна ажыццяўляць.
Занадта горача
Жнівеньская спякота і агонь – не самае лепшае спалучэнне: дастаткова іскры, каб быць бядзе.
– Надвор’е, з аднаго боку, садзейнічае аграрыям, а з другога – стварае небяспеку ў плане пажараў і гібелі на вадзе, – адзначыў старшыня райвыканкама.
За мінулыя выхадныя па вобласці былі факты ратавання людзей на вадаёмах. Бягучы тыдзень таксама сіноптыкі абяцаюць гарачы, дзятлаўчане будуць шукаць магчымасць ахаладзіцца, толькі пільнасць і асцярожнасць пры гэтым не трэба губляць. Як было адзначана на нарадзе, АСВОДу расслабляцца рана.
Дарэчы, на дадзены момант дзейнічае абмежаванне на наведванне лясоў Дзятлаўскага раёна.
Свядома абараніць сябе і тых, хто побач
У верасні медыкі прагназуюць прыход чарговай хвалі каранавірусу і ўсплёск захворвання. Зразумела, летам людзі не так актыўна ўзаемадзейнічаюць у вялікіх калектывах: дзеці раз’ехаліся на канікулы, дарослыя – на адпачынку, на дачах, радзей наведваюць закрытыя грамадскія месцы. Але праз тыдзень юныя дзятлаўчане масава прыйдуць у школы. Як адзначылі на нарадзе, першыя, хто трапіць пад удар вірусаў, у тым ліку каранавірусу, – настаўнікі.
– Цягнуць няма куды – трэба прышчапляцца тым, хто па якіх-небудзь прычынах яшчэ гэтага не зрабіў, і тым, каму прыйшоў час рэвакцынавацца, каб падоўжыць абарону ад сур’ёзнага, небяспечнага захворвання, – адзначыў старшыня райвыканкама.
Прад’явіце зіме пашпарт
На Дзятлаўшчыне ідзе падрыхтоўка спажыўцоў і крыніц цеплавой энергіі да асенне-зімовага перыяду. Са 106 спажыўцоў цеплавой энергіі пашпарты гатоўнасці атрымалі 67. Як і ў мінулыя гады, больш за іншых “падводзіць” Дзятлаўскі філіял аблспажыўтаварыства, у якога 27 аб’ектаў і ніводнага падпісанага пашпарта. Андрэй Уладзіміравіч на асабісты кантроль узяў гэта пытанне і нагадаў, што застаецца зусім няшмат часу, каб атрымаць пашпарты гатоўнасці да ацяпляльнага перыяду, за іх адсутнасць спытаюць строга.
Іншыя тэмы коратка
Хлопчыкі і дзяўчынкі дагульваюць канікулы. А ў школах ідуць апошнія падрыхтоўкі, галоўны аспект якіх – арганізацыя бяспечных умоваў. Напярэдадні верасня тэма набывае максімальную актуальнасць. Намесніку старшыні райвыканкама Ігару Кухарэвічу і кіраўніцтву РАНС пастаўлена задача на пастаянным кантролі трымаць супрацьпажарныя мерапрыемствы ў навучальных установах раёна.
****
У гэтым годзе павялічылася колькасць выпускнікоў дзятлаўскіх школ, якія сталі студэнтамі вышэйшых навучальных установаў. Летась паказчык складаў 60,9 % ад агульнай колькасці выпускнікоў, а ў 2022 годзе – 69,3 %.
****
Актыўнымі тэмпамі вядуцца будаўнічыя работы па станцыі абезжалезвання ў вёсцы Лапушна. Яна будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў верасні гэтага года.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga