Тлумачэнні па гэтым пытанні дае загадчык аддзялення першаснага прыёму інфармацыі, аналізу, прагназавання, сацыяльнай рэабілітацыі і адаптацыі Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Наталля Седляр.
– Над кім устанаўліваецца апека?
– Жыццёвыя абставіны часам прыводзяць да таго, што грамадзянін, які не ў стане самастойна рэалізаваць свае правы і абавязкі, абараніць свае законныя інтарэсы, прызнаецца ва ўстаноўленым судом парадку недзеяздольным. У такім выпадку гэтыя людзі маюць патрэбу ў старонняй дапамозе – апецы.
– Хто можа стаць апекуном?
– Апекунамі могуць быць дзеяздольныя асобы. Пры гэтым павінны выконвацца наступныя ўмовы: патэнцыйны апякун павінен быць старэйшы за 18 гадоў, не прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, не быць раней адхіленым ад абавязкаў апекуна, не мець медыцынскіх супрацьпаказанняў. Таксама ўлічваюцца асабістыя і маральныя якасці апекуна, яго здольнасць да выканання апякунскіх абавязкаў. Пераважнае права перад іншымі грамадзянамі быць апекуном маюць блізкія сваякі паўналетняга падапечнага: бацькі, муж і жонка, паўналетнія дзеці, унукі, браты, сёстры, а таксама бабулі і дзядулі. Але калі такіх няма або яны адмаўляюцца быць апекунамі ці не падыходзяць па стане здароўя, то на гэтую ролю падыдзе і іншы кандыдат: знаёмыя, суседзі і іншыя. Кандыдату ў апекуны над паўналетнім недзеяздольным грамадзянінам неабходна звярнуцца ў службу “адно акно” Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта і прадаставіць дакументы, згодна з устаноўленым пералікам. Пры неабходнасці, зыходзячы з інтарэсаў падапечных, орган апекі і папячыцельства можа прызначыць адну і тую ж асобу апекуном некалькіх падапечных. Пасля прызначэння грамадзяніна апекуном яму выдаецца пасведчанне на права прадстаўлення інтарэсаў падапечнага.
– Якія абавязкі выконваюць апекуны?
– Функцыі апекуна выконваюцца добраахвотна і бязвыплатна. Галоўны абавязак апекуна – клопат і догляд за сваім падапечным, забеспячэнне пастаяннага медыцынскага агляду, стварэнне яму камфортных умоваў для жыцця. Акрамя таго, апякун з’яўляецца законным прадстаўніком свайго падапечнага: ён здзяйсняе ад яго імя і ў яго інтарэсах усе неабходныя здзелкі (з дазволу органаў апекі і папячыцельства). Апякун мае права самастойна распараджацца ўсімі даходамі падапечнага выключна ў яго інтарэсах і штогод, да 1 лютага, абавязаны прадастаўляць у пісьмовай форме справаздачу ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна аб захоўванні, выкарыстанні маёмасці падапечнага, аб выдаткоўванні грашовых сродкаў свайго падапечнага з дадаткам да справаздачы пацвярджаючых плацежных дакументаў (чэкаў аб панесеных выдатках, квітанцый аб аплаце жыллёва-камунальных паслуг і іншае).
– За што могуць адхіліць апекуноў ад выканання сваіх абавязкаў?
– У выпадку выяўлення, што апякун не выконвае свае абавязкі належным чынам.
Напрыклад, апекуны выкарыстоўваюць апеку ў карыслівых мэтах, пакідаюць падапечнага без нагляду і неабходнай дапамогі, адмаўляюцца прадастаўляць дакументы, якія пацвярджаюць атрыманне і расходаванне грашовых сродкаў на падапечнага ці не пускаюць у жылое памяшканне ўпаўнаважаных асобаў, дзе пражывае недзеяздольны грамадзянін. У такіх выпадках орган апекі і папячыцельства можа адхіліць грамадзяніна ад апекі і прыцягнуць да адказнасці ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.
– Дзе можа пражываць недзеяздольны грамадзянін?
– Недзеяздольны грамадзянін можа пражываць дома пад наглядам апекуна або па месцы жыхарства апекуна. У выпадку немагчымасці пражывання ў дамашніх умовах недзеяздольны грамадзянін можа быць накіраваны ў псіханеўралагічны дом-інтэрнат для часовага або пастаяннага пражывання. Для гэтага апекуну неабходна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта з заявай і неабходным пакетам дакументаў.
Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 8 (01563) 2-10-41 або пры асабістым звароце ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна па адрасе: горад Дзятлава, вуліца Кастрычніцкая, 56.
Падрыхтавала Вольга ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga