З новага навучальнага года школьнікаў чакаюць змяненні ў дрэс-кодзе.
Дзелавы, без жорсткіх рамак і з абавязковай адметнасцю – так яго вызначаюць у Міністэрстве адукацыі.
– Адзіны падыход не значыць, што будзе адзіная школьная форма. Ніхто не плануе заганяць дзяцей у жорсткія рамкі, – кажа міністр адукацыі Андрэй Іванец. – Вырашана, што форма будзе ўкараняцца паэтапна. Сёлета ў кожнай школы з’явіцца адзіны элемент, які будзе адрозніваць яе вучняў.
Да 1 жніўня школы абавязаны былі вырашыць, што выдзеліць іх вучняў у гэтым навучальным годзе. Гэта можа быць як прадмет гардэроба – штаны, жакеты, спадніцы, кашулі з нанесеным лагатыпам установы адукацыі (значок або эмблема), так і асаблівы аксесуар – гальштук, хустачка, бабачка.
Міністэрства адукацыі хоць і выступіла ініцыятарам увядзення школьнай формы, у працэс яе выбару спрабуе ўцягнуць усіх, хто ў ёй можа быць зацікаўлены, – педагогаў, бацькоў і саміх вучняў. Да канца жніўня на сайце ведамства запушчана анлайн-анкетаванне на прадмет таго, з якіх элементаў у выніку будзе складацца гардэроб школьніка, якія колеры ў прыярытэце.
Газета “Перамога” сабрала меркаванні зацікаўленых асобаў па гэтым актуальным пытанні.
Аляксей Макарчык, вучань 10 класа Новаяльнянскай сярэдняй школы:
– У цэлым я нейтральна стаўлюся да змяненняў у стылі школьнай вопраткі, бо яны не нясуць для мяне асабіста вялікіх перамен. Я і так заўсёды хадзіў у школу ў класічным пінжаку і штанах. Аднак, хацелася б, каб у школу дазволілі насіць чорныя і белыя красоўкі. На маю думку, калі такі абутак класічнага выгляду і без лішніх элементаў, ён пасуе да дзелавога стылю адзення. І, адназначна, у красоўках зручней. Каляровыя кашулі таксама хацелася б апранаць пад пінжак, бо яны могуць разнастаіць вобраз.
Алена Радомская, настаўніца гісторыі гімназіі № 1 горада Дзятлава, класны кіраўнік 7 класа:
– Для нашай навучальнай установы ўвядзенне адзінай школьнай формы не новая традыцыя. Калі толькі адкрыліся, мы замаўлялі для гімназістаў адзенне адзінага стылю ў беларускіх вытворцаў. З часам гэта традыцыя страціла актуальнасць, аднак лагатып гімназіі доўгі час заставаўся элементам школьнай формы. У выніку апытання, якое правяла адміністрацыя гімназіі, адзіным элементам школьнай формы быў выбраны значок, таксама згодна з гімназічным статутам у нас прытрымліваюцца пераважна цёмна-сіняга колеру ў адзенні. Чакаю ў новым годзе пабачыць нашых гімназістаў у стыльных класічных вобразах аднастайнай колеравай гамы. Думаю, гэта яшчэ больш згуртуе калектыў гімназіі, зробіць яго адзіным, мэтанакіраваным. Верагодна, новаўвядзенні станоўча паўплываюць на дысцыплінаванасць школьнікаў.
Аліса Глацько, мама дзвюх школьніц:
– Мы пакуль не выбіралі школьную форму да новага навучальнага года, збіраемся гэта зрабіць у бліжэйшы час. Тое, што школьны стыль стане больш класічным, з’явіцца адзіны элемент для кожнай навучальнай установы, мне падабаецца. Школьнікі павінны адчуваць нават па стылі адзення, што ідуць не забаўляцца, а атрымліваць веды, працаваць над сабой. Аднак хацелася б, каб колеравая гама ў пэўнай школе не абмяжоўвалася адным колерам. Напрыклад, сіні маёй Дашы не вельмі падабаецца, затое яна з задавальненнем апранае “класіку” ў іншых расфарбоўках.
Валянціна Іода, бабуля старшакласніц:
– У мяне дзве ўнучкі, навучэнкі 9 і 10 класа. Дапамагаю дзецям збіраць іх у школу, хутчэй не парадамі, а матэрыяльна. Унучка, якая жыве ў Мінскай вобласці, расказвала, што яны будуць у новым навучальным годзе насіць камізэлькі з лагатыпам школы, а ў дзятлаўскай, верагодна, будзе гальштук і значок. Хацелася б, каб у навучальныя ўстановы вярнулася калі не адзіная школьная форма, то нешта агульнае для ўсіх. На маю думку, гэта было б на карысць школьнікам і навучальнаму працэсу.
Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, з архіва
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga