Якім прафесіям навучаць бясплатна?

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Аб гэтым расказала намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Ірына Баравік.

– Для беспрацоўных пералік прафесій, спецыяльнасцяў і навучальных курсаў складаецца ў адпаведнасці з запытамі і патрэбамі наймальнікаў. Мы аналізуем банк вакансій, высвятляем, якія прафесіі і спецыяльнасці найбольш запатрабаваныя, затым прапануем навучанне па самых актуальных з іх на дадзены момант. Заяўкі на падрыхтоўку тых ці іншых спецыялістаў могуць паступаць і ад наймальнікаў, на што мы таксама рэагуем. Гэта значыць, пералік даволі “гнуткі” і на працягу года можа карэкціравацца.

– Па якіх спецыяльнасцях у бліжэйшы час плануецца навучанне?

– Па прафесіі аператар электронна-вылічальных машын з веданнем камп’ютарнай графікі, вёрсткі, дызайну, тэрмін навучання складае 4,5 месяца. Вядзецца набор і на навучанне, разлічанае на 2 месяцы, па прафесіі прадавец 4 разраду. Дарэчы, у раёне ёсць арганізацыі з вялікім попытам на такіх спецыялістаў. Таксама фарміруецца група, якую ў бліжэйшы час плануецца накіраваць вучыцца па прафесіі майстар па манікюры, навучанне разлічана на 1,7 месяца. Пасля яго заканчэння аказваем садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці – прадастаўляем фінансавую падтрымку ў выглядзе субсідый у памеры 11 і 15-кратнай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму. Беспрацоўным на час навучання прадугледжана выплата стыпендыі, матэрыяльнай дапамогі, кампенсацыі за праезд да месца вучобы і назад згодна з дзеючым заканадаўствам. Навучанне і пражыванне – за кошт упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны.

– Хто можа прайсці навучанне?

– Згодна з заканадаўствам, прайсці бясплатнае навучанне па прафесіях і спецыяльнасцях, прадстаўленых у пераліку, могуць грамадзяне, якія маюць статус беспрацоўнага. Зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага можна ў аддзеле па працы і занятасці. Наш адрас: г. Дзятлава, вул. Кастрычніцкая, 56, каб. № 7. Тэлефоны для даведак: 2-27-01; 2-27-10, рабочы час з 8 да 13 і з 14 да 17 гадзін, выхадныя дні – субота, нядзеля.

Для рэгістрацыі пры сабе неабходна мець пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу; працоўную кніжку (калі ёсць); дакумент аб адукацыі; дакумент аб навучанні; даведку аб сярэднім заробку (даходзе) за апошнія 12 месяцаў работы па форме, устаноўленай Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Неабходны пералік дакументаў у кожным канкрэтным выпадку, арыентуючыся на патрабаванні заканадаўства, вызначаць спецыялісты.

Напрыканцы размовы Ірына Баравік такама падкрэсліла, што спецыялісты ўпраўлення яшчэ да пачатку заняткаў стараюцца падабраць беспрацоўным грамадзянам гарантаванае месца работы, на якое яны змогуць працаўладкавацца пасля заканчэння поўнага курса навучання. Для гэтага беспрацоўнаму прапануюць прайсці субяседаванне ў адной з арганізацый, што падалі адпаведную заяўку. Калі наймальніка задавальняе патэнцыяльны работнік, а беспрацоўнага прапанаванае месца работы, заключаецца дагавор аб гарантаваным працаўладкаванні беспрацоўнага пасля завяршэння поўнага курса навучання. Пры гэтым у час вучобы грамадзяне праходзяць вытворчую практыку ў той арганізацыі, у якую потым прыйдуць працаваць.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga