Дапамога ратаўнікоў і трагічныя здарэнні, жніво і рамонт вуліц, новая вытворчасць і збор другаснай сыравіны – гэтыя і іншыя тэмы абмяркоўвалі раніцай у панядзелак на нарадзе ў старшыні райвыканкама.
Пільная ўвага сельгасработам
Забеспячэнне бесперабойнай працы механізатараў – асноўная задача, якая стаіць перад гаспадаркамі раёна. Сітуацыя на палях змяняецца практычна штодня.
Ратаўнікі, праваахоўнікі надаюць увагу бяспечнаму правядзенню жніва. Па словах начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргея Казушчыка, як паказаў паўторны маніторынг, ва ўсіх гаспадарках ліквідаваны вызначаныя раней парушэнні па супрацьпажарным забеспячэнні тэхнікі. Аднак, некалькі заўваг у адрас аграрыяў на нарадзе прагучала ад пракурора раёна. Яны ўзяты на кантроль першым намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віталіем Шулейка.
– Акрамя ўборкі “хлеба”, трэба займацца і севам. Прайшоў дождж, не можаце касіць – сейце люцэрну, для перазалужэння насеннем забяспечаны ўсе гаспадаркі, – нацэльваў на актыўную дзейнасць аграрыяў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.
Таксама Андрэй Уладзіміравіч заклікаў кіраўнікоў нашых сельгаспрадпрыемстваў “лічыць” грошы і не траціць іх на знешнія паслугі, з якімі могуць справіцца і самыя гаспадаркі.
Печцы – рамонт, хаце – апавяшчальнік
Адзінокія, пажылыя грамадзяне, інваліды, шматдзетныя і сацыяльна ненадзейныя сем’і. Менавіта гэтым катэгорыям грамадзян асаблівую ўвагу надаюць работнікі Дзятлаўскага РАНС, назіральныя камісіі і спецыялісты сацыяльнай абароны насельніцтва.
Згодна з планамі фінансавання работ па рамонце пячнога ацяплення, замене электраправодкі за кошт бюджэту (катэгорыям грамадзян, вызначаным заканадаўствам) выканана больш за 65 % работ, устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі на 100 % ад запланаванага. У трэцім квартале працягнуцца работы па ўстаноўцы вонкавых пажарных апавяшчальнікаў на домаўладаннях грамадзян старэйшых за 80 гадоў, які жывуць адзінока.
Падзякаваў ратаўнікам Андрэй Садоўскі за дапамогу па разборцы дома ў райцэнтры, а таксама па расчыстцы вуліцы Кірава ў Дзятлаве для правядзення рамонтных работ.
Новая вытворчасць – новыя працоўныя месцы
Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская, прамысловыя прадпрыемствы Дзятлаўшчыны працуюць у штатным рэжыме, назіраецца станоўчая дынаміка па аб’ёмах вытворчасці. Таксама Вольга Антонаўна расказала пра плануемае адкрыццё новай структуры прыватнай формы ўласнасці па перапрацоўцы бруднага поліэтылену з магутнасцю ў 150 тон у год. Сыравіна з поліэтылену будзе пераплаўляцца ў гранулы, на якія сёння вялікі попыт у Расійскай Федэрацыі. Першасны поліэтылен вырабляюць з нафты, запасы якой не бясконцыя. Таму вытворчасць другаснай гранулы з кожным годам набывае ўсё большае эканамічнае значэнне.
У нас тут не Чыкага. І не Х’юстан
Між тым, здарэнняў за мінулы тыдзень у раёне адбылося шмат, у тым ліку і рэзанансныя.
Два чалавекі пацярпелі ў дарожна-транспартным здарэнні ў вёсцы Яцвезь, дзе вадзіцель таксі не саступіў дарогу іншаму легкавому аўтамабілю.
У вёсцы Карытніца адбыўся грабеж. Былы асуджаны, які толькі 7 ліпеня вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, прыехаў у вёску да брата і ў гэты ж дзень пайшоў абіраць мясцовых жыхароў. Пажылой жанчыне прадставіўся работнікам аддзела па надзвычайных сітуацыях, схіляў яе да дачы хабару. Жанчына дала 15 рублёў, але злодзею гэтага аказалася мала і ён вырашыў больш не гуляць у “ратаўніка-правяраючага”, адштурхнуў жанчыну і сам пачаў шукаць грошы па шафах.
Не менш жорсткі і дзёрзкі грабеж здарыўся яшчэ з адным жыхаром нашага раёна. Дзве былыя асуджаныя, якія таксама толькі вызваліліся з турмы, шукалі за што пахмяліцца, і не знайшлі нічога лепшага, чым пайсці да пажылога мужчыны, які калісьці быў апекуном адной з іх. Здзекаваліся, білі яго металічнай накрыўкай па галаве так, што ледзь і душу разам з грашыма “не вытраслі”.
Чарговая ахвяра інтэрнэт-махляроў з нашага раёна “развіталася” з усімі грашыма на картцы пасля здзелкі куплі-продажу на партале “Куфар”. Дарэчы, як адзначыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль, днямі ў Гомелі затрымалі групу інтэрнэт-махляроў, на ліку якіх 107 злачынстваў па Гродзенскай вобласці.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga