Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Самы час узяцца за розум

Важнае Здарэнні і бяспека

Адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама і каардынацыйнага савета па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18.

Камісіяй разгледжана пытанне аб магчымасці вяртання бацькам двух дзяцей, прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Каардынацыйны савет адмяніў у сувязі з вырашэннем прычынаў сацыяльнага недабрабыту раней прынятае рашэнне наконт знаходжання двух непаўналетніх з адной сям’і ў сацыяльна ненадзейным становішчы, таксама прааналізаваны раней прынятыя ў адносінах да 7 сем’яў рашэнні аб прызнанні дзяцей, якія там гадуюцца, у сацыяльна ненадзейным становішчы, работа з сем’ямі прадоўжана.

Дзеці вяртаюцца – кантроль застаецца

“Сяброўства” бацькоў з алкаголем, канфліктныя сітуацыі сёлета ў сакавіку сталі прычынай для адабрання з сям’і двух непаўналетніх хлопчыкаў. Некаторы час дзеці правялі ў дзяржаўных установах, затым былі перададзены пад часовую апеку дзядулі і бабулі.

За гэты час у паводзінах іх бацькі і маці адбыліся станоўчыя змяненні. Дарослыя працуюць, не маюць парушэнняў працоўнай дысцыпліны, ужо ў наступным месяцы пасля адабрання сыноў яны прайшлі курс лячэння ад алкагольнай залежнасці ў стацыянары, пасля чаго выпадкаў ужывання спіртных напояў не адзначалася. У сям’ю неаднаразова наведваліся спецыялісты службаў прафілактыкі, парушэнняў не ўстаноўлена, дома ёсць усё неабходнае для дзяцей. Дарослыя рэгулярна наведваюць сыноў у бабулі з дзядулем і зацікаўлены ў іх хутчэйшым вяртанні ў сям’ю.

Выслухаўшы заключэнні спецыялістаў службаў прафілактыкі, члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прынялі рашэнне аб вяртанні непаўналетніх бацькам. Праўда, дарослым нагадалі, што на іх рахунку гэта было другое адабранне, таму пры новым абвастрэнні сітуацыі ў сям’і яны могуць наогул быць пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Нягледзячы на тое, што хлопчыкі вяртаюцца дахаты, сям’я прадаўжае заставацца на кантролі.

Каму давяраюць, а каму і не

У сувязі з вырашэннем прычынаў сацыяльнага недабрабыту і заканчэннем тэрміну рэалізацыі праграмы работы з сям’ёй каардынацыйны савет па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 адмяніў раней прынятае рашэнне наконт знаходжання двух непаўналетніх у сацыяльна ненадзейным становішчы. Хлопчык і дзяўчынка забяспечаны ўсім неабходным, паўторных канфліктаў паміж дарослымі не адзначалася. Мясцовыя службы прафілактыкі сцвярджаюць, што цяпер сітуацыя ў сям’і стабільная.

На жаль, гэтага пакуль не скажаш яшчэ пра некалькі сем’яў нашага раёна, дзе гадуюцца непаўналетнія, прызнаныя ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Прычыны сацыяльнага недабрабыту дзяцей у іх мала чым адрозніваюцца: амаль усе гора-бацькі схільны да ўжывання спіртнога і патрабуюць пастаяннага кантролю з боку спецыялістаў адказных службаў, на падставе алкаголю нярэдкімі бываюць канфлікты паміж дарослымі, большасць бацькоў не асабліва клапоціцца пра асноўныя жыццёвыя патрэбы сваіх сыноў і дачок, у некаторых ёсць запазычанасці за камунальныя паслугі. Пасля аналізу раней прынятых рашэнняў аб прызнанні дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы ў адносінах да яшчэ 7 сем’яў раёна, работа з імі прадоўжана.

Асаблівую занепакоенасць выклікала абвастрэнне сітуацыі ў адной з іх, дзе супраць бацькі выкарыстана такая мера прафілактыкі як ахоўнае прадпісанне. Здавалася б, гэта павінна прымусіць мужчыну задумацца над уласнымі паводзінамі, аднак ён па-ранейшаму дапускае прагулы на рабоце, “зарабляе” п’яныя пратаколы і нават сам выклікаў на сябе работнікаў міліцыі. Парушальніку мала што засталося да накіравання ў ЛПП, паколькі для гэтага ў праваахоўнікаў з’яўляецца ўсё больш падставаў. Аднак ад падобных паводзінаў пакутуюць яшчэ жонка і трое дзяцей. Спецыялістамі пачаты збор дакументаў для прызнання непаўналетніх маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Члены каардынацыйнага савета далі бацьку тыдзень на прыняцце рашэння аб добраахвотным праходжанні лячэння ад алкагольнай залежнасці, у адваротным выпадку дзеці будуць адабраны з сям’і. Цяпер толькі ад дарослых залежыць застануцца дзеці дома ці не.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віталь ЮРГО,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga