Каму шашкі сябраваць дапамагаюць?

Падзеі Свежыя навіны Спорт і турызм

Шашкі не проста гульня, але яшчэ і нагода для сустрэчы сяброў.

Так лічаць удзельнікі міжраённага першынства па шашках сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якое 1 ліпеня сабрала ў сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава каманды аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў з Навагрудскага, Лідскага, Карэліцкага і Дзятлаўскага раёнаў.

Шашыстаў павітаў намеснік дырэктара раённага фізкультурна-спартыўнага клуба і галоўны суддзя першынства Аляксандр Белавус.

Сілы духу, бадзёрасці, волі да перамогі ім пажадалі загадчыца аддзялення “Праменьчык” ЦСАН Дзятлаўскага раёна Алена Калюцік і старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк.

Шашачныя баталіі складаліся з трох тураў – кожны па дзве гульні. Гарачая барацьба разгарнулася паміж камандай Бярозаўскага аддзялення Лідскага раёна і дзятлаўчанамі, гульцы якіх былі аднолькава моцнымі. Магчыма, яшчэ і родныя сцены надалі больш упэўненасці гаспадарам пляцоўкі. Іуліянія Шах, Яўгеній Гайдук, Кірыл Курыловіч, Аляксандр Даргевіч “здабылі” запаветныя ачкі, а з імі дыплом за І месца і бясспрэчную перамогу па выніках першынства.

“Срэбра” шашачных спаборніцтваў дасталося камандзе Бярозаўскага аддзялення Лідскага раёна, на трэцім месцы замацаваліся шашысты з Карэлічаў, на чацвёртай пазіцыі аказаліся навагрудчане. Каманды атрымалі падарункі для аддзяленняў і кожнага гульца ад спонсараў турніру: Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, “БРСМ”, “БелТІ”, Таварыства Чырвонага Крыжа, Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства.

Першыя месцы ў індывідуальным заліку па выніках першынства – у дзятлаўчан Іуліяніі Шах і Яўгенія Гайдука, лідчан Дзмітрыя Дымовіча і Яўгенія Данісевіча. Яны ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прызамі ад раённага фізкультурна-спартыўнага клуба.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga