У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да Кургана Славы і выступіў перад удзельнікамі святочнай цырымоніі.
Дзятлаўчане падзяліліся думкамі наконт прамовы кіраўніка дзяржавы.
Кацярына Хілімончык, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ”:
– Як заўсёды, зварот Прэзідэнта быў эмацыянальным, пранізлівым, глыбокім і добра зразумелым кожнаму. Сапраўды, сучаснае пакаленне беларусаў ніколі не павінна забываць, што мірнае неба і свабоднае жыццё ў незалежнай краіне нам падарыла пакаленне продкаў-пераможцаў. Самае простае, што сёння мы можам для іх зрабіць, – ушаноўваць гістарычную памяць, аддаваць даніну пашаны іх подзвігам, асабліва ў такія значныя святочныя даты, як Дзень Незалежнасці, Дзень Перамогі і іншыя, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў моладзь Беларусі пераняць эстафету ў старэйшых пакаленняў і дзеля міру на нашай зямлі “падтрымліваць Вечны агонь памяці”. Я ведаю, што маладое пакаленне гатова гэта зрабіць. І раней, і ў Год гістарычнай памяці маладыя людзі актыўна займаюцца пошукава-краязнаўчай работай, арганізоўваюць патрыятычныя і сацыяльна значныя праекты і акцыі, каб ведаць, каб генацыд, фашызм, нацызм ніколі не паўтарыліся.
Цяпер для нашай краіны і братняй Расійскай Федэрацыі складаны час: гэта і санкцыйны ціск, і нарошчванне ваеннай агрэсіі з боку еўрапейскіх дзяржаў і ЗША. Справядліва кажа Прэзідэнт, што лёгка нам не будзе, аднак разам мы можам выстаяць, бо нельга забыць трагедыі братніх народаў, выкрасліць з памяці Бухенвальд, Асвенцым, Майданэк, Хатынскую трагедыю. Толькі гэту горкую праўду нашай славянскай гісторыі мы можам супрацьпаставіць тым, хто прыніжае подзвігі савецкага народа і хоча забыць Вялікую Айчынную вайну. Ні беларусам, ні рускім, ні ўкраінцам не патрэбны ўзброены канфлікт, аднак і адрадзіць нацызм, які калектыўны Захад хоча “схаваць” пад “маску” дэмакратыі, мы не дазволім. Пра гэта ў Дзень Незалежнасці сказаў Прэзідэнт і даў урачыстае абяцанне на Кургане Славы. Моладзь падтрымае гэта абяцанне, бо ўсе мы разумеем, што ніякая чужая дзяржава не падорыць нам шчасця і дабрабыту. Толькі мы самі, сваёю працай і намаганнямі здольны іх ствараць, а каб ісці правільнай дарогай і не “купіцца на прыгожыя лозунгі заходніх дэмакратаў”, трэба ведаць і выкарыстоўваць вопыт і мудрасць нашых продкаў, здабытыя імі праз многія цяжкія выпрабаванні.
Ірына СТЫРНІК