Галоўнае наша дасягненне – мір на роднай зямлі

Важнае Улада

21 ліпеня прайшоў Адзіны дзень інфармавання, у час якога на Дзятлаўшчыне працавалі некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп.

Група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага наведала калектыў Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння.

Абласную інфармацыйную групу ўзначаліў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка. Яна выступіла перад работнікамі Дзятлаўскага жылкамунгаса. Група старшыні раённага Савета дэпутатаў  Аляксандра Бараноўскага сустрэлася з жыхарамі Дварэцкага сельскага савета, намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча – з работнікамі Цэнтра па забеспячэнні бюджэтных арганізацый і раённай бібліятэкі. Група намесніка старшыні райвыканкама Вольгі Жэлезоўскай наведала Дварэцкі льнозавод.

На павестцы дня значыліся наступныя тэмы: “Ключавыя дасягненні Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе: лічбы і факты”, “Аб супрацьдзеянні карупцыі”, “Бяспека насельніцтва ў летні перыяд”.

– Мы займаем высокія пазіцыі ў шэрагу міжнародных рэйтынгаў, якія тычацца ўзроўню жыцця насельніцтва, развіцця розных сфераў жыцця грамадства, – адзначыў у сваім дакладзе намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Васілій Шыцько. – У Беларусі прыкладваецца максімум намаганняў для таго, каб краіна квітнела, людзі жылі мірна, хадзілі на працу, выхоўвалі дзяцей.

Беларусь знаходзіцца ў катэгорыі краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця (53-е месца за 2020 год), у сусветным рэйтынгу па канкурэнтаздольнасці прамысловасці наша краіна размясцілася на 47-й пазіцыі з 152 краін. Грамадзяне Беларусі – людзі з адным з самых высокіх IQ сярод краін Еўропы, таму, заканамерна, наша краіна славіцца сваімі навукова-тэхнічнымі дасягненнямі.

Да прыклыду, сёлета на выставе “Белагра-2022” беларусы прадставілі першы беспілотны трактар, якім можна кіраваць з дапамогай GPS-навігацыі, нашы кар’ерныя самазвалы і камбайны вядомыя і папулярныя ва ўсім свеце.

– Перавагамі прадукцыі беларускай прамысловасці з’яўляецца якасць, даступны кошт і суправаджэнне ў час эксплуатацыі, – расказаў Васілій Васільевіч.

Істотным дасягненнем сучаснай Беларусі стала з’яўленне атамнай энергетыкі. Сёння мы – чацвёртыя ў рэйтынгу краін Еўропы з самай таннай электрычнай энергіяй. З’яўленне мірнага атама дало перспектывы для з’яўлення ў нас большай колькасці электрамабіляў.

У адукацыі і медыцыне беларусы выкарысталі лепшы вопыт старэйшых пакаленняў, памножылі яго на сучасныя тэндэнцыі і новыя тэхналогіі, атрымалі бліскучыя вынікі.

– Як бы гэта банальна не гучала, галоўнае наша дасягненне – мір на зямлі,  – у прадаўжэнне агучанай тэмы адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Мы можам спакойна жыць, працаваць, не баяцца гуляць па вуліцах роднага горада і не хвалявацца за будучыню сваіх дзяцей. Паўтару словы кіраўніка дзяржавы аб тым, што ў Беларусі ўсё робіцца для людзей.

Андрэй Уладзіміравіч адзначыў, што сярод значных дасягненняў Гродзеншчыны можна выдзеліць не толькі запуск Астравецкай АЭС, але і будаўніцтва абласнога клінічнага анкадыспансера, першая чарга якога можа быць уведзена ў эксплуатацыю ўжо сёлета.

Па словах Андрэя Садоўскага, Дзятлаўскі раён хоць і складаецца пераважна з сельскіх населеных пунктаў, з’яўляецца прамысловым.  У нас дастойна працуюць дзесяць прадпрыемстваў дзяржаўнай і прыватнай формы ўласнасці. Пераадолеўшы першы шок, звязаны з увядзеннем санкцый супраць беларускай эканомікі, яны паступова выходзяць на стабільную работу, удзельнічаюць у напаўненні раённага бюджэту. Флагманам у прамысловым сектары застаецца Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, добрыя вынікі паказваюць Дварэцкі льнозавод, ААТ “Алгонь”, якое мае філіялы ў Навагрудку і Слоніме, ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, ТАА “Ізакам” і “Ізакам Пласт”, Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў, Боркаўскі крухмальны завод, Дзятлаўскі лясгас.

Па выніках паўгоддзя Дзятлаўшчына ў першай сямёрцы ў вобласці па ўзроўні заработнай платы (першы Астравецкі раён). У параўнанні з мінулым годам, сярэдняя зарплата па раёне павысілася на 20 %.

Значныя сродкі раённага бюджэту выдзяляюцца на паляпшэнне ўмоваў жыцця мясцовага насельніцтва. Сярод апошніх значных праектаў – рамонт тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы, перапланіроўка інтэрната ў Казлоўшчыне ў арэндны дом, рамонт аўтадарог, вуліц населеных пунктаў.

– Мы не спыняемся на дасягнутым, – падвёў вынік тэмы кіраўнік раёна. – Наперадзе – рамонт хірургічнага аддзялення раённай бальніцы, рэканструкцыя яшчэ аднаго жылога корпуса ў пасёлку Казлоўшчына, мясцовага дома-інтэрната. Ажыццяўленне ўсіх гэтых планаў залежыць ад папаўлення раённага бюджэту.

У абмеркаванні іншых тэм

Намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна Віталь Юрго патлумачыў, што сабой уяўляе карупцыя, якія праяўленні і наступствы яна можа мець. За 6 месяцаў бягучага года ў Гродзенскай вобласці зарэгістраваны 363 карупцыйныя злачынствы, шкода ад якіх склала амаль мільён рублёў. Дзятлаўшчыну таксама не абышла гэта праблема: у дадзены момант у распрацоўцы знаходзяцца дзве карупцыйныя справы, звязаныя з сельскай гаспадаркай і медыцынай.

Намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргей Кухарчык заўважыў, што сёлета надзвычай высокая лічба загінулых на вадзе: па Гродзенскай вобласці з пачатку сезона ўжо 20 чалавек, у тым ліку, 1 – у Дзятлаўскім раёне. Ён яшчэ раз нагадаў прысутным правілы адпачынку ў летні перыяд і тое, што на Дзятлаўшчыне дазволена купацца толькі ў двух месцах, абсталяваных ратавальнымі пастамі. Таксама засяродзіў увагу на правілах наведвання лесу ў пажаранебяспечны перыяд, прапанаваў “звярацца” з мабільным дадаткам Міністэрства МНС “Дапамога побач”, каб валодаць актуальнай інфармацыяй аб забароне або абмежаванні на наведванне лясоў.

Сустрэча завяршылася абмеркаваннем надзённых пытанняў, якія паступілі з залы. Сярод іх – акалічнасці адпачынку ў лесе і каля вады, рамонт лазнева-аздараўленчага комплексу ў Дзятлаве. Адказы на іх былі дадзены ў час размовы.

Наталля АВЯРЧУК

Фота Наталлі АВЯРЧУК, Ірыны СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: