Здорава, цікава, з карысцю і на любы густ!

Важнае Грамадства

Такі дэвіз можна прысвоіць летняй адпачывальна-аздараўленчай кампаніі, арганізаванай райвыканкамам, педагогамі і зацікаўленымі службамі раёна для юных жыхароў Дзятлаўшчыны.

Як менавіта хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць умацаваць сваё здароўе, весела і з карысцю правесці час, папрацаваць, папоўніць багаж ведаў і назапасіць сіл і энергіі на новы навучальны год, расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Гарановіч.

– Згодна з рашэннем раённага выканаўчага камітэта “Аб арганізацыі аздараўлення дзяцей Дзятлаўскага раёна ў летні перыяд 2022 года” плануецца аздаравіць 1148 навучэнцаў, у тым ліку прадстаўнікоў ільготных катэгорый: 40 дзяцей-сірот, 13 дзяцей-інвалідаў. Сярод іх 990 – у аздараўленчых летніках установаў агульнай сярэдняй адукацыі і 158 – у аздараўленчых летніках Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Гэта 50,1 % ад агульнай колькасці навучэнцаў нашага раёна, што на 11 % больш, чым летась. Увогуле ж дзіцячыя аздараўленчыя летнікі розных тыпаў гатовы прыняць усіх жадаючых дзяцей Дзятлаўшчыны.

– Што гэта будуць за летнікі?

– 20 аздараўленчых з дзённым знаходжаннем у 13 установах агульнай сярэдняй адукацыі раёна, а таксама Дзятлаўскіх раённых цэнтрах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзе плануем аздараўленне 740 дзяцей. З іх 4 летнікі працы і адпачынку адкрыюцца ў Вензавецкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе, Гезгалаўскай, Казлоўшчынскай і сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава для 60 падлеткаў, старэйшых за 14 гадоў. Часовая працоўная занятасць для іх будзе арганізавана з другой дэкады чэрвеня на базе сельскагаспадарчых прадпрыемстваў “Жукоўшчына”, “Войневічы”, ТАА “РоданАгра”.

Яшчэ 12 аздараўленчых летнікаў будуць 9-дзённымі профільнымі з кругласутачным знаходжаннем. Гэта 8 палатачных, якія арганізуюцца ў сярэдняй школе № 3, гімназіі № 1 горада Дзятлава, Казлоўшчынскай, Гезгалаўскай, Новаяльнянскай сярэдніх школах, Круцілавіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе, і 4-ы будуць размяшчацца ў будынках сярэдніх школ № 3 і № 1 горада Дзятлава, Дварэцкай сярэдняй школы, Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

– Калі яны адчыняюць свае дзверы?

– У першую змену з 1 чэрвеня 2022 года ўжо пачалі функцыянаваць 10 аздараўленчых летнікаў з дзённым знаходжаннем, 6 чэрвеня да іх “далучацца” яшчэ 4 такія ж. З 13 чэрвеня пачнуць работу 3 летнікі працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем, з 15 чэрвеня – 2 аздараўленчыя, дзённы і кругласутачны, 16, 22 і 27 чэрвеня змены стартуюць у кругласутачных аздараўленчых летніках раёна.

– Што цікавага і карыснага чакае нашых юных землякоў у час летняй аздараўленчай кампаніі?

– У планах выхаваўчай работы – мерапрыемствы грамадзянскай і патрыятычнай скіраванасці, інфармацыйныя, асветніцкія па фарміраванні ў падрастаючага пакалення правільнай маральнай і грамадска-палітычнай пазіцыі да падзей і вынікаў Другой сусветнай вайны, будзе прадоўжана рэалізацыя адукацыйнага праекта “ШАГ”, у цэнтры ўвагі застануцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да знакавых падзей гісторыі краіны, па ўвекавечанні памяці ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, па ўмацаванні адзінства і беларускай дзяржаўнасці, папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, захаванні памяці аб вядомых асобах, якія ўнеслі ўклад у развіццё Айчыны. Усе ўстановы адукацыі прымуць удзел у мерапрыемствах да Года гістарычнай памяці, рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”, Усебеларускай моладзевай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”, адкрытым дыстанцыйным культурна-асветніцкім марафоне “Час вымяраецца памяццю”, грамадзянска-патрыятычным праекце “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, рэспубліканскай акцыі “Мары нараджаюцца – мары збываюцца”.

– Якія яшчэ формы летняй занятасці прадугледжаны?

– Паводле рашэння Дзятлаўскага райвыканкама “Аб стварэнні працоўных месцаў” арганізавана другасная занятасць для 109 непаўналетніх 14-17 гадоў (90 навучэнцаў і 19 студэнтаў) па накірунках “падсобны рабочы” і “швачка”. У студатрадах раёна плануецца заняць 150 непаўналетніх. На працягу лета таксама будуць працаваць установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, з прапановамі можна азнаёміцца на іх афіцыйных інтэрнэт-сайтах. Напрыклад, у Дзятлаўскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адкрыты аб’яднанні па інтарэсах рознага профілю з улікам запытаў і інтарэсаў дзяцей розных узроставых катэгорый. У чэрвені арганізавана работа 11 аб’яднанняў па інтарэсах на базе цэнтра, а таксама Дварэцкай сярэдняй школы, Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. У ліпені запланавана адкрыццё 8 аб’яднанняў па інтарэсах, у жніўні – 10.

Будуць працаваць тэматычныя, гульнявыя, моладзевыя, творчыя, турысцка-краязнаўчыя, спартыўныя, спартыўна-аздараўленчыя пляцоўкі як на базе цэнтраў, так і на базе ўстановаў агульнай сярэдняй адукацыі, у чэрвені – 26 пляцовак.

У ліпені-жніўні пад кіраўніцтвам педагогаў цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі запрацуюць лідарская платформа “Каманда будучыні 3D” і валанцёрская платформа “Валанцёр і час”. У рамках праекта “Лета-2022: час адпачынку, сацыяльна значных спраў, асобаснага самаўдасканалення” будуць ладзіцца культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы, у тым ліку ў рэжыме анлайн, рэалізоўвацца школьныя праекты па розных кірунках дзейнасці.

– Якія словы хацелі б адрасаваць бацькам юных жыхароў раёна?

– Каб летняе аздараўленне і адпачынак прайшлі з карысцю і пакінулі толькі найлепшыя ўражанні, педагогамі і адказнымі службамі раёна максімальная ўвага надаецца пытанням бяспекі. Папрашу бацькоў, бабуляў, дзядуляў і іншых дарослых таксама аб гэтым паклапаціцца. У бацькоўскія чаты скіраваны паведамленні аб стане, звязаным са злачыннасцю непаўналетніх, мерах адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей, прававой адказнасці падлеткаў за супрацьпраўныя ўчынкі, памяткі аб бяспечных паводзінах. З дапамогай інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на працягу лета класныя кіраўнікі, спецыялісты сацыяльна-педагагічнай службы ўстановаў адукацыі будуць праводзіць тэматычныя размовы з дзецьмі аб бяспецы жыццядзейнасці, інфармаваць іх аб магчымасцях аздараўлення і занятасці ў летні час. Больш падрабязную інфармацыю па летняй кампаніі можна атрымаць ва ўстановах адукацыі, на сайце аддзела адукацыі райвыканкама і па тэлефонах: 6-78-58, 6-79-58.

Паважаныя дарослыя, спыняйце любыя небяспечныя дзіцячыя гульні і ўчынкі, выпадковымі сведкамі якіх становіцеся. Бо, калі сёння вы спыніце на шляху да бяды чужое дзіця, заўтра хто-небудзь спыніць ваша. Дапамажыце дзецям арганізавана, у летніках, працоўных і студэнцкіх атрадах, на занятках па інтарэсах і ў секцыях, правесці канікулы. Карыснага і бяспечнага ўсім лета!

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: