Водным маршрутам Памяці (+відэа)

Галоўнае Падзеі Улада

30 чэрвеня на Дзятлаўшчыне адбыўся сплаў на байдарках, прымеркаваны да Года гістарычнай памяці.

У ім прынялі ўдзел супрацоўнікі райвыканкама на чале са старшынёй Андрэем Садоўскім, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў горада Дзятлава.

Невыпадкова адпраўным пунктам падарожжа стала вёска Гарадкі – месца масавага расстрэлу мірнага насельніцтва нашага раёна. Удзельнікі сплаву сабраліся побач з помнікам ахвярам генацыду, каб ушанаваць памяць загінулых землякоў. Старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка нагадаў гісторыю таго страшнага дня 16 снежня 1942 года:

– На той момант у Гарадках жыло 385 чалавек, 367 з іх былі расстраляны. Пасля вайны вёска аднавілася толькі напалову. У той памятны снежаньскі дзень гарадкоўцаў сабралі на гэтым месцы, на беразе ракі Воўчанка пад выглядам праверкі дакументаў. Першым расстралялі старасту, які сабраў людзей, за тое, што не толькі дапамагаў фашыстам, але і трымаў сувязь з партызанамі. Матулям загадалі ўзяць дзяцей на рукі і пачалі расстрэльваць. У гэтым жудасным катле ўдалося выжыць мясцовай жыхарцы Ядвізе Гародка, якая прыйшла сюды з шасцярыма дзецьмі. Куля спынілася недалёка ад сэрца, яе жанчына і пранасіла ў сабе ўсё жыццё. Памерла Ядвіга Гародка ў 1987 годзе. Акрамя яе, з месца расстрэлу ўратаваліся шэсць чалавек і разышліся па бліжэйшых населеных пунктах. Праз тры дні расстраляных пахавалі на гэтым месцы, дзе сёння ўзвышаюцца два крыжы і стэла з прозвішчамі загінулых. Помнік загінулым быў усталяваны ў савецкі час, сёлета мы яго адрамантавалі за сродкі, сабраныя ў час раённага суботніка.

Прысутныя ўсклалі вянок і кветкі да месца памяці і прадоўжылі свой шлях пешшу да берага ракі Шчара, дзе іх ужо чакалі байдаркі. Загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда правёў кароткі інструктаж па тэхніцы бяспекі, агучыў рассадку ў байдарках, пажадаў добрай дарогі і прыемных эмоцый.

Каманды-двойкі занялі месцы ў байдарках і адправіліся ў падарожжа, каб прайсці поўны новых уражанняў рачны шлях і сустрэцца на фінішы ў вёсцы Чарлёнка.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: