Хуткае развіццё высокіх тэхналогій не толькі спрашчае жыццё грамадству, але і дае дадатковыя магчымасці нячыстым на руку дзялкам завалодаць чужымі грашыма, літаральна не ўстаючы з-за камп’ютара.
Як расказаў старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку АУС Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Пацыновіч, толькі з пачатку 2022 года на Дзятлаўшчыне зарэгістравана 13 падобных злачынстваў. Здавалася б, не так ужо і шмат, але за кожнай лічбай – бяда, перажыванні і грашовыя страты нашых землякоў. Чаму грошы даверлівых дзятлаўчан “сплываюць” у інтэрнэт?
– Схемы падману розныя, – тлумачыць Аляксандр Пацыновіч. – Апошнім часам, напрыклад, пачасціліся званкі з паведамленнямі, што родны чалавек трапіў у бяду і тэрмінова патрэбна буйная сума грошай, каб дапамагчы. “Стаўку” злачынцы робяць на эмоцыі, з-за якіх падмануты нават не спрабуе самастойна разабрацца ў сітуацыі і пазваніць сваім блізкім, даведацца, як там на самой справе? У выніку перадае ўсе свае зберажэнні злодзеям.
Вельмі распаўсюджаны і так званыя фішынгавыя старонкі, асабліва на сайце “Куфар”, перайшоўшы па якіх і ўвёўшы асабістыя даныя, чалавек губляе грошы са свайго карт-рахунка.
Нешта падобнае здараецца, калі злачынцы звязваюцца па месенджары “Viber” з паведамленнямі, што на банкаўскую картку абанента нехта спрабуе ўзяць крэдыт або зняць з яе грошы, і каб “служба банка” спыніла злачынныя дзеянні, вядома ж, ёй неабходны логін і пароль гаспадара карткі. Праваахоўнікі пастаянна паўтараюць: “Банку не патрэбны вашы даныя, іх нельга называць трэцім асобам”, – тым не менш, людзі прадаўжаюць верыць махлярам і нават не звяртаюць увагі, што найчасцей падобныя званкі паступаюць не з беларускіх, а з замежных нумароў.
Значна радзей у жыхароў нашага раёна ўзламваюць асабістыя старонкі ў сацыяльных сетках. Класічная схема падману ў такім выпадку – просьба ад імя каго-небудзь з сяброў тэрмінова пераслаць яму грошы на картку, даныя якой пазначаюцца. Калі чалавек верыць і “дапамагае” сябру, падманшчык атрымлівае на свой рахунак пэўную суму, якую яму перавялі.
А калі ў час аплаты па інтэрнэт-банкінгу перайсці на “пірацкую” спасылку, можна папросту застацца ні з чым. Як гэта дзейнічае? Калі чалавек уручную ўводзіць даныя банкаўскага сайта і зрабіў гэта не да канца, у інтэрнэце першай можа “выскачыць” спасылка зламыснікаў, на якую і націскае пацярпелы. Адрас другі, аднак, калі не правяраць, памыліцца проста. Тым больш што сайт адзін у адзін падобны да банкаўскага, і падманутыя спакойна ўводзяць свае даныя. Затым невялікая тэхнічная непаладка – і спісанне ўсіх грашовых сродкаў. Толькі ўважлівасць і старанны кантроль уласных дзеянняў засцерагаюць карыстальнікаў інтэрнэт-банкінгу ад падману.
Адно з апошніх інтэрнэт-злачынстваў з узломам старонкі ў сацыяльных сетках адбылося зусім нядаўна – у сёлетнім чэрвені. Пацярпелая – жанчына, у якой зламыснік спрабаваў вымагаць грошы, пагражаючы распаўсюджваннем яе асабістых фотаздымкаў. Праўда, яна не разгубілася і замест таго, каб плаціць, падала заяву ў міліцыю. Вядуцца следчыя дзеянні.
Запомніце гэтыя схемы, будзьце абачлівымі і ўважлівымі, не верце атрыманай інфармацыі адразу – правярайце яе. Пры сумніўным званку лепш кладзіце трубку і самастойна звязвайцеся з тым, ад чыйго імя ідзе просьба аб матэрыяльнай падтрымцы. Не забывайце, што нумары кругласутачнай банкаўскай службы надрукаваны ў вас на зваротным баку карткі – у крытычны момант набярыце іх самастойна.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga