Дзелавы панядзелак. Косяць усе: аграрыі, дарожнікі, камунальнікі…

Важнае Улада

Касьба траў, навядзенне парадку, інвестыцыйныя праекты, прафілактыка пажараў і гібелі людзей на вадзе, падрыхтоўка да святочных і ўрачыстых падзей, якія адбудуцца на бягучым тыдні – гэтыя і іншыя тэмы абмеркавалі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама.

Насычаны мерапрыемствамі тыдзень

Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, некалькі знакавых падзей адбудзецца ў нашым раёне гэтымі днямі. Да прыкладу, 30 чэрвеня ў патрыятычны сплаў на байдарках па рацэ Шчара з прыпынкамі для ўскладання кветак да абеліскаў ахвярам Вялікай Айчыннай вайны адправяцца прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна; 1 ліпеня адбудзецца ўрачыстасць з нагоды адкрыцця ў Рудаяварскім лясніцтве веласіпеднага маршруту “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”. Маштабныя мерапрыемствы пройдуць у Дзятлаве да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – жыхароў і гасцей горада чакаюць тэматычныя выставы, выступленні артыстаў, дзіцячыя праграмы, салют.

Каб “не кульгала” якасць работ

У працяг тэмы знакавых падзей – актыўная да іх правядзення падрыхтоўка. Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі паставіў на кантроль свайму намесніку Дзмітрыю Баравіку і выконваючаму абавязкі дырэктара РУП ЖКГ Віктару Дзедулю навядзенне парадку ў райцэнтры, на пад’язных тэрыторыях, упрыгожанне цэнтральнай плошчы і вуліц горада. Даў заўвагі Андрэй Уладзіміравіч па рабоце дворнікаў, а таксама недастатковых тэмпах абкошвання паркавых зон, газонаў, абочын як у населеных пунктах, так і па-за іх межамі, тэрыторый сельскіх саветаў.

Нюансы работы дзятлаўскіх меліяратараў абмяркоўвалі на нарадзе. Гэтыя спецыялісты ператвараюць землі ва ўрадлівыя сельгасугоддзі, нездарма іх называюць “магамі вады і ўраджаю”, аднак няякасна або несвоечасова выкананыя работы прыводзяць да пераўвільготнення зямлі, як сёлета адбылося на некаторых участках у нашым раёне, што цяпер не дазваляе гаспадаркам займацца касьбой.

“Зялёнае” жніво ў разгары

Своечасовы ўкос траў асабліва важны для сельскай гаспадаркі. Ад гэтага залежыць, каб будучы сянаж быў найбольш пажыўны і сакавіты. Кіраўнік раёна акцэнтаваў на гэтым увагу аграрыяў.

Таксама Андрэй Уладзіміравіч даручыў аператыўна правесці апрацоўку бульбы фунгіцыдамі.

– Пры вырошчванні сельскагаспадарчых культур мы сутыкаемся з неабходнасцю барацьбы з мноствам патагенаў. Хваробы памяншаюць ураджайнасць раслін і аказваюць негатыўны ўплыў на іх якасць, а гэта эканамічны ўрон, таму і нагадваю сёння нашым спецыялістам аб планамерным прымяненні фунгіцыдаў, якія здольны скараціць страты ўраджаю, – адзначыў старшыня райвыканкама.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: