Пашырана сфера выкарыстання мэтавай падрыхтоўкі

Важнае Грамадства

Сёлетняя ўступная кампанія мае пэўныя асаблівасці і новаўвядзенні.

Што змянілася для тых, хто паступае па мэтавых накіраваннях, расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус:

– Адпаведна з правіламі прыёму для атрымання вышэйшай адукацыі I ступені, з улікам заявак ад мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і арганізацый, зацікаўленых у мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў, загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь устаноўлена ў 2022 годзе колькасць месцаў для мэтавай падрыхтоўкі па педагагічных спецыяльнасцях на дзённай форме атрымання адукацыі. Звяртаем увагу, што па асобных спецыяльнасцях сёлета ўстаноўлены конкурсны адбор. Мэтавыя дагаворы з будучымі спецыялістамі ў гэтым годзе заключаюць кіраўнікі ўстановаў агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі як арганізацыі-заказчыкі кадраў.

Важна, што новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі пашырыла сферу выкарыстання мэтавай падрыхтоўкі. Калі раней яна распаўсюджвалася толькі на абітурыентаў з чарнобыльскіх, сельскіх рэгіёнаў, гарадоў да 20 тысяч жыхароў, то з сакавіка 2022 года мэтавы дагавор можа быць заключаны з заказчыкам кадраў любой арганізацыі нашай краіны. Для афармлення такога пагаднення трэба звяртацца на прадпрыемства ці ў арганізацыю, дзе будучы спецыяліст мяркуе працаваць у далейшым, або ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган, аблвыканкам. Да 1 мая (а для педагагічных спецыяльнасцяў – да 1 чэрвеня) зацверджаны лічбы мэтавага набору па ўсёй краіне. Прыём па мэтавых накіраваннях будзе ажыццяўляцца па адным з унутраных іспытаў ВНУ, аднак за выключэннем спецыяльнасцяў аховы здароўя. Для абітурыентаў медыцынскіх ВНУ захаваецца традыцыйнае мэтавае паступленне, дзе неабходны сертыфікаты ЦТ.

З больш падрабязнай інфармацыяй па сёлетняй уступнай кампаніі можна азнаёміцца на афіцыйным сайце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у раздзеле “Уступная кампанія-2022” па спасылцы: https:// edu.gov.by/sistema-obrazovaniya/glavnoe-upravlenie-professionalnogo-obrazovaniya/abiturientu/vstupitelnaya-kampaniya-2022/, а таксама звярнуўшыся ў аддзел адукацыі райвыканкама ці ўстановы адукацыі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: