“Мара” – так называецца ансамбль песні Дварэцкага дома культуры, у састаў якога ўваходзяць цудоўныя і таленавітыя людзі: сямейная пара Аляксандра і Людмілы Баклушыных, Святлана Венская і Андрэй Добыш.
Мы, удзельнікі клуба ветэранаў працы аграгарадка Дварэц “У коле сяброў”, і аднавяскоўцы выказваем вялікую падзяку артыстам “Мары” за іх працу, талент, канцэртныя праграмы, цікавыя праекты, за захаванне нацыянальных беларускіх традыцый і абрадаў. Бываючы на іх канцэртах, мы атрымліваем вялікую радасць і асалоду ад песень: патрыятычных і народных, абрадавых і лірычных – усе яныльюцца ад душы і сэрца.
“Мара” вядомая не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі. Удзельнікаў ансамбля часта запрашаюць з канцэртнай праграмай у санаторый “Радон”. Іх работа заўважана і ацэнена, за што неаднаразова яныатрымлівалі ўзнагароды. Па выніках работы за 2021 год Дварэцкі дом культуры заняў ІІІ месца ў раёне. Работнік установы Аляксандр Баклушын атрымаў падзяку з Чэхаславакіі за падрыхтоўку былога вучня мясцовай школы Алега Беляка да музычнага конкурсу. Алег сам напісаў верш, а Аляксандр – музыку, у выніку – перамога. Адна з апошніх падзяк за сваю работу ў “Мары” была крыху незвычайная. Артысты атрымалі беларускія нацыянальныя строі, якія спецыяльна былі пашыты для іх у Мінску. Цяпер выступленні калектыву сталі яшчэ больш прывабнымі. А які цудоўны настрой артысты падарылі гледачам у час свята лёну – гэта не перадаць словамі!
Удзельнікі ансамбля не толькі прафесіяналы сваёй справы, але вельмі добрыя і чулыя людзі. Яны сустракаюць нас з усмешкай, частуюць духмяным чаем, цікавяцца нашымі справамі. А для нас, людзей старэйшага ўзросту, гэта вельмі важна.
Клуб ветэранаў працы “У коле сяброў” быў заснаваны пры Дварэцкім доме культуры ў 2010 годзе па ініцыятыве былой старшыні сельсавета Веры Сямёнаўны Сёмухі, якой, на вялікі жаль, ужо няма сярод нас, але мы яе заўсёды помнім і стараемся працягваць усе задумкі і наказы. За гэтыя гады існавання мы з ансамблем “Мара” сталі як адно цэлае, а жыццё – больш змястоўным і цікавым. З першых дзён наша “Мара” заўсёды побач. Сумесна мы плануем работу нашага клуба ветэранаў, абмяркоўваем мерапрыемствы, падбіраем музычныя нумары, разам ездзім на экскурсіі па знакамітых мясцінах Беларусі.
Мы ўпэўнены, што наша беларуская культура, яе традыцыі і абрады будуць жыць і развівацца, калі яшчэ ёсць такія людзі, як работнікі Дварэцкага дома культуры.
Члены клуба ветэранаў працы “У коле сяброў” аграгарадка Дварэц
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga