Выхаванцы летняга аздараўленчага летніка “Усмешка” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава прынялі ўдзел у рэспубліканскім экскурсійным марафоне “Дзіцячы аўтацягнік” у напрамку “Памятаць, каб не паўтарыць”.
Ім было прапанавана прайсці квэст па гарадскіх памятных месцах.
Дзеці наведалі помнік Іосіфу Філідовічу, магілу Герояў Савецкага Саюза Яна Фогеля і Паўла Пятрова, абеліск Славы, які ўсталяваны ў гонар воінаў, якія загінулі пры абароне Дзятлава ў 1941-ым і вызваленні горада ў ліпені 1944 года.
Таксама падчас экскурсіі дзеці наведалі помнік ахвярам фашызму ў вёсцы Вялікая Воля. З цяжкасцю верыцца, што да вайны тут жыло 430 чалавек, было 104 двары. Дзень 16 снежня 1942 года стаў апошнім для 364 мірных жыхароў, крыху пазней – і для самой вёскі. Недалёка ад Шчары быў пастаўлены помнік ахвярам трагедыі – трохметровая фігура маці з сынам-падлеткам. Менавіта тут спачываюць 364 расстраляныя жыхары гэтай вёскі. А праз дарогу знаходзіцца яшчэ адно журботнае месца – расстрэлу жыхароў вёскі. Выхаванцы ўшанавалі памяць бязвінных ахвяр фашысцкага генацыду – мірных вяскоўцаў, якія загінулі на сваёй роднай зямлі ў страшных пакутах.
Мерапрыемствы дапамаглі ўсвядоміць выхаванцам, што памятаць, шанаваць і паважаць сваіх продкаў – гэта абавязак кожнага з нас.
Жанна БУДЗЕВІЧ,
дырэктар аздараўленчага летніка “Усмешка”
Алена МАКАРЧУК,
старшы выхавальнік
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga