Ва ўрочышчы Рыбакі адбылося закрыццё раённага турысцкага злёту, прысвечанага Году гістарычнай памяці.
На працягу трох дзён удзельнікі з дзесяці каманд дэманстравалі хуткасць і спрыт у валейбольных баталіях і гульні «Гарады», сілу і зладжанасць — у перацягванні каната, дакладнасць — у дартсе; паказвалі суддзям добраўпарадкаванне лагера, частавалі іх смачнымі стравамі, уражвалі творчымі самапрэзентацыямі ў конкурсе «турысцкі быт»; праходзілі паласу перашкод, сплаўляліся на байдарках; вызначалі лепшых у мас-рэстлінгу і баях шарамі.
Па выніках усіх спаборніцтваў і конкурсаў пераможцай раённага турысцкага злёту ў 2022 годзе стала каманда КСУП «Хвінявічы», на другім месцы — ААТ «Граніт-Агра», трэцяе — у ААТ «Дварэц-Агра». Прызёраў турзлёту ўзнагародзілі граматамі і прыемнымі падарункамі, а чэмпіёнаў яшчэ і пераходзячым кубкам з медалямі. Заслужаныя дыпломы і прызы атрымалі лепшыя ў розных відах праграмы злёту.
У сваю чаргу, да Дня моладзі першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Кацярына Хілімончык уручыла Падзячныя лісты Дзятлаўскага райвыканкама спецыялісту ў продажах і збыце ААТ «Граніт-Агра» Алене Зенчык і доктару-педыятру цэнтральнай раённай бальніцы Вікторыі Тыць. Таксама за актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці арганізацыі і спартыўных мерапрыемствах старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак узнагародзіў падзякамі райкама спецыялістаў АПК Дзятлаўшчыны — Іну Падліпскую, Юлію Каско, Мілану Серафінка, Вадзіма Францішчыка, Лізавету Кякшук і Алену Сёмуха.
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga