З 6 па 12 чэрвеня 2022 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 84 паведамленні, 3 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 29 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 52 – аб іншых здарэннях.
Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 27 правапарушальнікаў, узбуджана 7 крымінальных справаў.
Па камп’ютар на чужую дачу
Раней не судзімы беспрацоўны жыхар адной з вёсак нашага раёна вырашыў палепшыць свой дабрабыт за чужы кошт. Для гэтага мужчына наведаўся ў адзін з дачных дамоў сваёй вёскі. Разбіўшы аконнае шкло, ён забраў з сабой трымер, сістэмны блок, манітор і два мадэмы на агульную суму 500 рублёў. Праваахоўнікі знайшлі злодзея па гарачых слядах, узбуджана крымінальная справа.
Панадзіўся ў вёску красці
Ужо некалькі домаўладанняў вёскі Муляры, якія выкарыстоўваюцца гаспадарамі ў якасці дачаў, пацярпелі ад дзеянняў невядомага злодзея. З 7 па 10 чэрвеня праз разбітае акно быў учынены крадзеж з дачнага дома дзятлаўчаніна. Зніклі ручная каса, граблі, чайнік, металічны цэп, ручнікі на суму 40 рублёў.
У другі дом гаспадыня не наведвалася з мінулагодняга кастрычніка, за гэты час зламыснік пашкодзіў уваходныя дзверы, скраў бензапілу “Stihl” і трымер агульным коштам 180 рублёў.
Міліцыя просіць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра акалічнасці крадзяжоў, паведаміць на нумар 102 або ўчастковаму інспектару.
Каханнем гэта не назавеш
Крымінальная справа за пагрозу забойствам і нанясенне цялеснага пашкоджання ўзбуджана на раней судзімага жыхара раёна, які знаходзіцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Па месцы жыхарства мужчына ў час сваркі пагражаў расправай сваёй сужыцельцы і нанёс ёй удар табурэткай па галаве. Цяпер за свой учынак хатні агрэсар адкажа перад судом.
Ігар ХІТРО,
намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga