Каб добрай расла пшаніца – кожнаму коласу трэба пакланіцца

Важнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне стартаваў студатрадаўскі працоўны семестр-2022.

Пра гэта паведаміла першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

Да відавой праполкі зерневых культур у КСУП “Хвінявічы” першым у раёне сёлета прыступіў працоўны сельскагаспадарчы атрад навучэнцаў Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

– Студатрадаўцы пачалі выходзіць у поле з 15 чэрвеня і будуць дапамагаць нашаму сельгаспрадпрыемству да 8 ліпеня, – расказвае галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце КСУП “Хвінявічы” Ганна Федарэвіч. – Нашы маладыя работнікі – гэта 11 мясцовых навучэнцаў плюс камандзір атрада Наталля Узун, якая працуе поварам гэтай жа ўстановы адукацыі, а ў час водпуску ўзначаліла атрад. Студатрадаўцы задзейнічаны “на каласках” ва ўрочышчы Аэрадром, дзе ў нас пасеяна 130 гектараў пшаніцы, 20 з якіх – элітная, астатннія – харчовая. Задача моладзі – ачышчаць культуру, выдаляючы каласы іншых зерневых, каб атрымаўся больш якасны ўраджай без прымесяў.

Памочнікамі мы задаволены, працуюць старанна, слухаюцца, паспяваюць даволі многа. Наш КСУП “Хвінявічы” ўжо не першы год практыкуе падобнае супрацоўніцтва, і яго можна назваць плённым. Вось і ў гэтым годзе чакаем, што наступныя вахты студатрадаўцаў у нас будуць яшчэ на жніве і на ўборцы бульбы. Школьнікі ідуць у атрады ахвотна, многія працуюць ужо па некалькі сезонаў запар. Для нас гэта дадатковыя рабочыя рукі, а для дзяцей – вопыт і магчымасць зарабіць уласныя грошы, дарэчы, заробкам студатрадаўцаў гаспадарка не крыўдзіць. Вось і сёлета расцэнкі па аплаце падняліся на 10 %, а гэта добры матыватар для маладых работнікаў.

– Сапраўды, дзеці праводзяць лета з карысцю, – далучаецца да размовы камандзір атрада Наталля Узун.

– У мяне самой падрастае дачка, з 14 гадоў мяркую яе таксама запісаць у атрад. Гэта мой чацвёрты сезон у якасці камандзіра, і я бачу, што пасля студатрадаўскай змены падлеткі становяцца больш адказнымі, згуртаванымі, пачынаюць цаніць працу дарослых, бо самі адчулі, што гэта такое. Увогуле ж, сумесныя справы аб’ядноўваюць, ды і час за імі праходзіць хутчэй, асабліва калі сярод маладых работнікаў ёсць такія, як наш Андрэй Муха, якога можна назваць “душой атрада”, пад яго жарты добра працуецца. А вось дзяўчынка сёлета ў нашым атрадзе адна, летась было больш.

Спяшаюся даведацца ў адзінай прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва Міланьі Сцепанчук, як яна сябе адчувае сярод юнакоў.

– Нармальна, – бадзёра кажа будучая дзесяцікласніца. – Са мною ж у атрадзе мой брат, які не першы раз удзельнічае ў студатрадаўскім руху, заахвоціў і мяне. Аб тым, што запісалася, не шкадую: работа не складаная, тут весела, часу на адпачынак і сустрэчы з сяброўкамі таксама хапае. За заробленыя грошы мару купіць сабе паўэрбанк. У наступным годзе таксама збіраюся папрацаваць, чаго і іншым равеснікам жадаю: і ўласны заробак атрымаеце, і лета пройдзе не марна.

Згодны з такой думкай і Мікіта Скрыпко, які пераходзіць у 11 клас:

– Гэта мой трэці студатрадаўскі сезон, – падлічвае юнак. – Даўно зрабіў для сябе выснову, што тут можна і папрацаваць, і з сябрамі час правесці, і зарплату атрымаць. Леташнюю, дарэчы, аддаў матулі, а сёлетнюю планую патраціць на абноўкі. У студатрадзе кожны з нас атрымлівае карысны вопыт работы ў калектыве, вучыцца дысцыпліне, адказнасці, узаемадапамозе, адчувае, што такое сельскагаспадарчая прафесія. Сам я з гэтай галіной будучае жыццё звязваць не мару, а каму-небудзь, магчыма, і спадабаецца.

У наступным годзе буду ўжо выпускніком. Наколькі ведаю, цяпер здаём адзіны экзамен, таму, хутчэй за ўсё, часу хопіць, каб зноў запісацца ў студатрад – дадатковыя грошы пры паступленні лішнімі не будуць.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga