У адным з самых экстранных участкаў работы раённай бальніцы на здзіўленне спакойна: каманда аддзялення хуткай дапамогі працуе, як дакладны гадзіннік, дзе кожны ведае сваю задачу і без лішніх словаў выконвае яе.
Па навігацыі на дзвярах знаходжу кабінет адміністрацыі: загадчыка аддзялення Міхаіла Сільвановіча і старшага фельчара Ірыны Ішуцінай. Міхаіл Аляксандравіч узначальвае аддзяленне з мінулага года. Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 2018 годзе ён працаваў доктарам хуткай дапамогі ў Барысаве, Лідзе, а на Дзятлаўшчыну прыехаў за сваёй сям’ёй – любімай жонкай Юліяй, якая таксама з’яўляецца доктарам райбальніцы. У Дзятлаўскай ЦРБ ён выконвае работу адміністратара, каардынатара і дарадцы, але не забывае і пра актыўную практыку: дзяжурыць як доктар хуткай дапамогі ў суседнім раёне. Ён робіць кароткі лікбез у работу дзятлаўскага аддзялення хуткай дапамогі:
– У нас працуюць тры кругласутачныя пасты, у кожную змену – тры фельчарскія брыгады, якія дзяжураць па 12 гадзін, выязджаюць па ўсім Дзятлаўскім раёне, а па неабходнасці – за яго межы.
На кожны экстранны або неадкладны выклік сёння едзе брыгада ў саставе двух фельчараў або фельчара і медыцынскай сястры. Гэта дапамагае аказаць дапамогу на належным узроўні. Машыны ўкамплектаваны неабходным медыцынскім абсталяваннем для аказання дапамогі, першаснай дыягностыкі.
– У фельчара, які выязджае да хворага, свая асаблівая місія, – раскрывае Міхаіл Аляксандравіч нюансы прафесіі. – Ён павінен і дыягназ паставіць, як доктар, і зрабіць неабходныя даследаванні, маніпуляцыі, як медыцынская сястра, ацаніць ступень рызыкі і патрэбу ў шпіталізацыі. І ўсё гэта за лічаныя хвіліны. Таму тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы, як цяпер модна казаць, стрэсаўстойлівыя і рашучыя. Бо, калі жыццё чалавека ў тваіх руках, няма месца эмоцыям і ваганням.
– Ці часта тэлефануюць вам? – задаю яму пытанне.
– У нас пераважна вопытныя работнікі, але здараюцца выпадкі, калі тэлефануюць па тэрміновую параду. Усе фельчары ведаюць, што ў выпадку неабходнасці я на сувязі ў любы час сутак.
– Хуткая дапамога – любоў на ўсё жыццё, – дапаўняе калегу Ірына Ішуціна. –Людзі, апантаныя гэтай прафесіяй, працуюць тут доўгія гады. Я пачынала дыспетчарам на “хуткай дапамозе” 28 гадоў таму. З таго часу тут працуюць фельчарамі Ігар Радомскі, Наталля Цярэшка, Юрый Бурба, Зінаіда Багдзель, крыху пазней прыйшлі Наталля Кастусік, Вольга Жыбко, Таццяна Кашко, Мікалай Белуш, Наталля Уласевіч.
Загадчык аддзялення праводзіць кароткую экскурсію па аддзяленні, у памяшканнях якога “жывуць” на працягу паловы сутак фельчары, вадзіцелі: для іх адпачынку і харчавання створаны ўсе ўмовы. У адным з кабінетаў – практыканткі, поўныя рамантыкі і жадання працаваць у медыцыне, слухаюць вопытных калегаў і ўважліва пішуць канспекты. Ужо ў жніўні яны папоўняць дружны калектыў аддзялення як спецыялісты.
У канцы калідора – сэрца службы, дыспетчарская, дзе на час майго наведвання дзяжурыла малады фельчар па прыёме і перадачы выклікаў Людміла Шлег. Паміж прафесіяй настаўніка і медыка дзяўчына выбрала апошнюю і ні разу не пашкадавала аб гэтым. Пасля размеркавання адпрацавала ў Навагрудскай ЦРБ і ўжо два гады на Дзятлаўшчыне. Акрамя спецыфікі, дзяўчына любіць сваю работу за пазменны графік і цёплы калектыў, які прыняў маладую калегу ў сваю сям’ю.
– Дыспетчар у аддзяленні хуткай дапамогі – і цар, і вайсковы начальнік, – кажа Міхаіл Сільвановіч. – Яго распараджэнням безагаворачна падпарадкоўваюцца вадзіцелі, фельчары. Вопытны дыспетчар можа не толькі правільна зарыентавацца ў сітуацыі па тэлефоне, але і папярэдзіць выклік, калі ў ім няма неабходнасці.
У дыспетчарскай службе, як у аптэцы, усё дакладна: кожны выклік запісваецца на аўдыяносьбіт, рэгіструецца ў электронным і папяровым журналах. Тут аднавілі работу рацый, што дапамагае экстраннай сувязі ў месцах раёна, дзе мабільная сувязь не падтрымліваецца. Акрамя таго, дзякуючы сістэме навігацыі, дыспетчар “бачыць”, дзе ў дадзены момант знаходзіцца кожная машына “хуткай”. Маячок на экране паказвае, што брыгада Міхаіла Снягурскага толькі што прыбыла з Наваельні, і мы ідзём яе сустракаць.
– Больш за дваццаць гадоў тут, а ўсё адно кожны раз іду на дзяжурства з нейкім хваляваннем, – кажа фельчар. – Стараюся прыходзіць раней да пачатку змены, каб увайсці ў курс справы.
У аддзяленне хуткай дапамогі ён прыйшоў з паліклінікі і, кажа, цяпер ні за што не прамяняе кабіну “хуткай” на работу ў кабінеце.
– На ўсё жыццё запомніў свой першы выклік на інфаркт, калі спатрэбіліся ўсе сілы, каб супакоіць сябе, сканцэнтравацца, аказаць дапамогу. За дзесяцігоддзі бачыў шмат, стаў спакойней на ўсё рэагаваць, без гэтага ў нашай прафесіі ніяк нельга. Цяпер у мяне ёсць памочнік – малады фельчар, з якім працуем у камандзе.
Сваё прафесійнае свята Міхаіл Снягурскі сустрэне на дзяжурстве, але гэтым не засмучаецца. Ужо прывык за доўгі час: работа па графіку, а святкаванне – у вольны час. Калегам ён жадае радасці і дабрабыту, удачы і задавальнення ад працы.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga