У райвыканкаме адбылася сустрэча, прысвечаная абмеркаванню прафілактычнага праекта.
У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, зацікаўленыя арганізацыі і грамадскія аб’яднанні.
Наведала Дзятлаўшчыну і расказала аб праекце Сусветнай арганізацыі аховы здароўя загадчык аддзела грамадскага здароўя Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і аховы здароўя Алена Раманчук.
Праект “Здаровы горад” – гэта больш за 30 гадоў існавання, каля 1800 гарадоў-удзельнікаў з 55 краін свету. У Беларусі праект рэалізуецца з 2018 года і ўжо налічвае 155 “здаровых” населеных пунктаў. Мэтай з’яўляецца стварэнне населенага пункта, які існуе па прынцыпах здаровага ладу жыцця, у якім насельніцтва адказна ставіцца да свайго здароўя, а таксама мае ўсе ўмовы для яго захавання і ўмацавання.
– Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, ініцыятыва “Здаровыя гарады і пасёлкі” павінна перарасці ў маштабны дзяржаўны праект. Усе населеныя пункты краіны, якія прэтэндуюць на гэта званне, павінны атрымаць паўнацэннае асяроддзе, якое зберагае здароўе, – без курэння і алкаголю, са спартыўнымі пляцоўкамі, бяспечнымі ўмовамі жыцця, чыстымі паветрам і вадой, – заўважыла Алена Вітольдаўна.
Каб усё атрымалася, у праекце будуць задзейнічаны ўсе слаі насельніцтва; галоўным прыярытэтам гарадской паліклінікі стане ахова здароўя, самі людзі таксама павінны клапаціцца пра здаровы лад жыцця; у населеным пункце патрэбна ствараць умовы для ўмацавання здароўя – ад пешаходных і веладарожак і зонаў некурэння – да трэнажорных залаў і адкрытых пляцовак, ладзіць спартыўныя і прафілактычныя мерапрыемствы. Выкананнем гэтых умоваў будуць займацца арганізацыі і структуры горада пад куратарствам Дзятлаўскага райЦГЭ.
Намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч прапанаваў прысутным выказаць свае ідэі для рэалізацыі праекта і падвёў вынік сустрэчы:
– У час свайго выступлення Алена Вітольдаўна назвала шэраг мерапрыемстваў, ажыццяўленне якіх дапаможа гораду далучыцца да вялікай сям’і здаровых населеных пунктаў. Практычна ўсё агучанае даўно і паспяхова рэалізуецца ў Дзятлаве і іншых населеных пунктах раёна, застаецца толькі аб’яднаць і сістэматызаваць вопыт.
Дзятлава стане другім пасля аграгарадка Круцілавічы “здаровым” населеным пунктам нашага раёна. Ён будзе мець сваю эмблему, электронную старонку на сайце райвыканкама і арганізацый горада. Рэалізацыя праекта мусіць станоўча паўплываць на ўзровень жыцця мясцовага насельніцтва, на адносіны людзей да галоўнага багацця – свайго здароўя.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga