З 16 чэрвеня па 3 ліпеня ў Рэспубліканскай галерэі Саюза мастакоў “Палац мастацтва” ў Мінску праходзіць персанальная выстава жывапісу нашага земляка Івана Козела “Вабяць родныя прасторы”.
Мастак расказаў, якія яго палотны пабачаць жыхары і госці сталіцы.
– Гэта выстава прысвячаецца персанальнаму юбілею – 60-годдзю аўтара. На ёй прадстаўлены каля 30 мастацкіх твораў, пераважна краявіды Дзятлаўшчыны і Навагрудчыны, таксама куточкі Беларусі, па якіх я вандраваў, рабіў замалёўкі. Увайшлі і грунтоўныя творы, напісаныя мною ў майстэрні пад уражаннем ад родных мясцін “Дзятлаўская старонка”, “Край Адама Міцкевіча”, “Жыровіцкая святыня”, “На Ракуцёўшчыне лета” (сюжэт па мясцінах Максіма Багдановіча). У адкрыцці ўдзельнічала кіраўніцтва Беларускага саюза мастакоў – Андрэй Басалыга, Наталля Шаранговіч, члены таварыства, наш зямляк, навуковец Вадзім Лакіза.
– Ці часта ладзіце мастацкія выставы?
– Гэта дванаццатая мая персанальная экспазіцыя. Мае творы экспанаваліся ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, Музеі гісторыі беларускага кіно ў Мінску. Выстава, прысвечаная 520-годдзю Дзятлава, выстаўлялася ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў.
– Іван Мікалаевіч, дзе знайшлі свой сталы дом вашы карціны?
– Мае працы знаходзяцца ў калекцыях Палаца мастацтва, музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку, Гісторыка-культурнага музея ў Заслаўі, Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, у прыватных зборах у Беларусі, Расіі, ЗША, Перу.
– Ці варта чакаць вашу юбілейную выставу ў нас на Дзятлаўшчыне?
– Я не супраць, калі атрымаецца вырашыць арганізацыйныя моманты і размясціць яе.
Наталля АВЯРЧУК
Фота прадастаўлены Іванам Козелам
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga