Цудоўнай традыцыяй на Дзятлаўшчыне стаў штогадовы фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”. І няхай гэта яшчэ маладое свята (адзначаецца яно шосты раз), аднак ужо займела свае добрыя традыцыі і стала любімым у дзятлаўчан і гасцей.
“Зецельскі фэст” збірае разам сем’і нашага раёна, нагадваючы ўсім, што цеплыня сямейнага ачага – гэта тое, што застаецца з намі на ўсё жыццё. Мілагучнай песняй “Рамонкавыя палі” сёлетнюю ўрачыстасць адкрыла выступленне групы “Бархат”.
Удзельнікаў і гасцей фестывалю павітаў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч:
– Наша дзяржава надае вялікую ўвагу падтрымцы сем’яў, для гэтага распрацавана і рэалізуецца шмат дзяржпраграм. Адметна, што нядаўна Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў указ, які аб’яўляе 21 кастрычніка Днём бацькі, а з 14 па 21 кастрычніка мы будзем адзначаць Бацькоўскі тыдзень. З трыбуны фестывалю асаблівыя словы прызнання выказваю замяшчальным сем’ям раёна, якія дораць цяпло дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў. Адметна адзначыць, што Дзятлаўшчына ганарыцца дасягненнямі сям’і Міклашаў з Наваельні. Па выніках абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года-2022” яны занялі пераможнае першае месца і прадставяць Гродзеншчыну ў фінальным этапе конкурсу. Усім гасцям свята і жыхарам раёна жадаю моцнага здароўя, шчасця, удачы, утульнасці і цяпла сямейнага ачага.
Ці можа каханне “пакрыцца” серабром? Адказ на гэта пытанне ведаюць сямейныя пары, якія ідуць поруч ужо 25 гадоў і сёлета адзначаюць сваё сярэбранае вяселле. Гэта Дзмітрый і Таццяна Варонкі, Мікалай і Ірына Ціханы, Сяргей і Іна Орсікі, Дзмітрый і Таццяна Маліка. Па добрай традыцыі іх заклікалі на чырвоную дарожку фестывалю паставіць юбілейныя подпісы ў кнізе рэгістрацыі шлюбаў і ўшанавалі сімвалічнымі медалямі “За каханне і вернасць”, кветкамі і падарункамі ад арганізацый, дзе працуюць. Вядучыя падзякавалі спонсарам – Дзятлаўскаму РУП ЖКГ, Новаяльнянскаму КХП, раённай арганізацыі прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу, Дзятлаўскаму
раёну газазабеспячэння, КСУПам “Хвінявічы” і “Дварэц-Агра”.
Выдатна, што на Дзятлаўшчыне ёсць сямейныя пары, якія разам ужо паўстагоддзя, і каханне іх, як золата вышэйшай пробы. 50-гадовы юбілей сумеснага жыцця сёлета адзначаюць Антон і Марыя Хаванскія, Уладзімір і Валянціна Драздовы, а вось сям’я Мечыслава і Ванды Генюкоў ужо сустрэла 55-гадовы юбілей. Іх таксама запрасілі паставіць свае подпісы, цёпла павіншавалі, уручылі падарункі ад прафсаюзных пярвічак Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы, Дзятлаўскай ЦРБ, раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Цудоўна, калі сем’і не толькі маюць добрыя традыцыі, але і актыўна імі дзеляцца. У сакавіку ў Дзятлаве прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года-2022”, пераможцам якога стала сям’я Юрыя і Алены Міклашаў з Наваельні, а напярэдадні Міжнароднага дня сям’і Міклашы атрымалі чарговую перамогу, ужо ў абласным этапе конкурсу ў Гродне. У кастрычніку яны будуць прадстаўляць наш раён і Прынёманскі край на рэспубліканскім этапе “Сям’і года”. За актыўную жыццёвую пазіцыю і сямейную перамогу Юрыю Мікалаевічу і Алене Аляксандраўне ўручылі Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў. Узнагароды атрымалі і спецыялісты раёна, якія дапамагалі гэтай сям’і на шляху да перамогі. Ганаровымі граматамі райвыканкама адзначаны спецыяліст па сацыяльнай рабоце ЦСАН Дзятлаўскага раёна Алена Якаўчык, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Новаяльнянскай сярэдняй школы Алена Круглова, Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў атрымалі настаўніца па класе вакала Новаяльнянскай дзіцячай школы мастацтваў Ганна Ціхановіч, акампаніятар сектара па рабоце з моладдзю аддзела правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Міхаіл Маісеенка. Каштоўныя падарункі ад раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз жанчын” і “Белая Русь” уручаны настаўніцам Новаяльнянскай сярэдняй школы Галіне Масловіч і Ганне Карэйчанка.
Наступнымі на чырвоную дарожку фестывалю выйшлі тыя, хто аддае свае сэрцы дзецям і ўпэўнены, што шчасця шмат не бывае – шматдзетныя сем’і, дзе гадуецца па чацвёра дзяцей: Аляксандра і Іны Лагуцікаў, Аляксея і Валянціны Васько, Андрэя і Вольгі Ляхаў. Падарункамі іх ушанавалі арганізацыі, дзе яны працуюць, – ТАА “Ізакам-пласт”, ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, прафсаюзная пярвічка раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый, ААТ “Белаграпрамбанк”.
Добрымі песнямі ўдзельнікаў “Зецельскага фэсту” радавалі Ганна Харлінская, Алена Гузавец, Уладзіслаў Ракуць,
Максім Маліноўскі і іншыя артысты раёна. На свяце было чым заняцца гасцям рознага ўзросту: аматараў прыгожага вабіў горад майстроў, працавалі гандлёвыя павільёны, а малеча ад душы весялілася на атракцыёнах, надзіманых горках, у гульнявых зонах, каталася на электрамашынках і нават на поні.
Урачыстасць прадоўжылі дэфіле-конкурс “Парад парасонаў” і спаборніцтвы сем’яў на тэматычных пляцоўках.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga