Дзяцінства – час неверагодных мараў і смелых планаў.
Збудуцца яны ці не, вырашае само жыццё. Дзесяць гадоў таму на старонках газеты “Перамога” ўчарашнія дзеці, а сёння – дарослыя людзі, падзяліліся задумкамі аб выбары будучай прафесіі, выцягнуўшы ў лёсу свой латарэйны білецік. Сёння мы раскажам вам тры гісторыі аб тым, куды прыводзяць дзіцячыя мары.
Дзятлаўчанін Артур Капковіч, атрымліваючы пашпарт, быў рады, што неўзабаве стане паўналетнім, сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны, зможа ўдзельнічаць у выбарах. Тады ён хацеў паступіць у Мінскую ваенную акадэмію, стаць абаронцам беларускага народа і Айчыны, заставацца адданым сваёй Радзіме, праслаўляць яе заўжды і ва ўсім.
Жыццёвы план юнага Артура аказаўся надзвычай дакладным: за дзесяцігоддзе ён паспеў паступіць і паспяхова скончыць факультэт унутраных войскаў сталічнай Ваеннай акадэміі. Цяпер малады чалавек служыць у вайсковай часці 5525 у горадзе Гомелі старшым лейтэнантам, намеснікам камандзіра роты па ідэалагічнай рабоце.
– Рады, што ўсё ў жыцці атрымалася так, як задумваў, – кажа Артур. – Лічу, што абараняць Айчыну, сваіх землякоў, родных і блізкіх – вельмі важная справа для мужчыны. Упэўнены, што мама ганарыцца мной і маім жыццёвым выбарам.
Настасся Аніскевіч з Гезгалаў займалася музыкай з пяці гадоў. На старонках раёнкі ў артыкуле “Пад акорды фартэпіяна і скрыпкі” адзначылі выключны талент дзяўчынкі ў гэтай сферы. Мама, Валянціна Віктараўна казала, што Насця тонка адчувае музыку душой, шмат працуе разам з настаўніцай, нават сама спрабуе пісаць музычныя творы. У будучыні дзяўчынка хоча асвоіць баян і акардэон, звязаць сваё жыццё з музыкай.
Сёння Настасся – студэнтка лячэбнага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Мінуў час – змяніліся і мары, цяпер у іх – прафесійна займацца неўралогіяй або афтальмалогіяй. А вось музыка так і засталася ў яе жыцці, праўда, цяпер не фартэпіяна, а больш скрыпка.
– Ніколькі не пашкадавала аб сваім жыццёвым выбары, – дзеліцца дзяўчына. – Займаюся тым, што радуе, спадзяюся прыносіць карысць людзям. Скрыпку я не пакінула, іграю ва ўніверсітэцкім ансамблі, мы часта выступаем на конкурсах і канферэнцыях, праз тыдзень у нас будзе першы канцэрт, дзе я выступлю ў якасці скрыпачкі, а ў некаторых кампазіцыях – на клавішах. Як і хацела, цяпер пішу песні, але гэта пакуль на пачатковых стадыях.
Крысціна Саўчык (у дзявоцтве Іода) з Вензаўца, атрымліваючы ва ўрачыстай абстаноўцы свой першы дакумент грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, планавала старанна вучыцца, каб стаць экспертам-крыміналістам, плённа працаваць на карысць Радзімы.
Сусвет пачуў пажаданні дзяўчынкі асаблівым чынам: праз дзясятак гадоў яна жыве ў Дзятлаве, мае педагагічную спецыяльнасць, сям’ю і самую галоўную прафесію ў жыцці жанчыны – яна матуля двухгадовай дзяўчынкі. Па заканчэнні Вензавецкай школы выпускніца прыняла да ўвагі парады бацькоў і настаўнікаў і выбрала педагагічную спецыяльнасць, атрымала дыплом настаўніка хіміі і біялогіі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка і вярнулася на Дзятлаўшчыну. Крысціна ўпэўнена, што ўсё да лепшага:
– У час вучобы мне давялося праходзіць практыку ў рэспубліканскім дзіцячым летніку “Зубраня”, тады я цалкам закахалася ў педагагічную прафесію. Пасля вучобы працавала ў нашым раёне ў санаторнай школе “Баравічок”. Пакуль знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку, дачушцы Ганначцы ўжо два гады. У хуткім часе, думаю, вярнуся працаваць на ранейшае месца.
Няхай дзіцячыя мары, быццам папяровыя самалёцікі, запушчаныя ў неба маленькай рукой, пераадольваюць новыя і новыя вышыні. Не бойцеся загадваць на будучыню, дзяліцеся сваімі планамі з блізкімі людзьмі, выбірайце ў жыцці тое, што вам па душы. Усё лепшае абавязкова збудзецца!
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga