Вясна прынесла новыя перамогі

Важнае Грамадства

У рамках навуковага таварыства навучэнцаў і педагогаў “Пошук” сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава вядзецца актыўная работа па фарміраванні ў школьнікаў даследчых навыкаў.

Штогод навучэнцы школы прымаюць удзел у абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”. У бягучым навучальным годзе  трое яе ўдзельнікаў былі ўдастоены дыпломаў пераможцаў. Даследчая работа тандэма Данііла Івашэвіча і яго навуковага кіраўніка  – настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Аксаны Якаўчык, якая расказвае пра подзвіг прапрадзеда Данііла – Ліпічанскага Сусаніна, была адзначана  дыпломам I ступені. Даследчая работа пра ўплыў соку алоэ як біястымулятара на размнажэнне і развіццё пеларгоніі Валерыі Шпакоўскай і настаўніка біялогіі Алены Шпакоўскай  удастоена дыплома II ступені. Работа аб стварэнні “зялёнага” маршруту на аснове аналізу месцаў вырастання раслін і пражывання жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу, на тэрыторыі Дзямянавіцкага лясніцтва Анастасіі Шавель і настаўніка біялогіі Алены Стракоўскай  –  дыплома III ступені.

Таксама пахвальныя водгукі атрымалі Данііл Івашэвіч і Станіслаў Якаўчык за глыбокія веды па гісторыі Айчыны, якія яны паказалі падчас XV Міжнароднай моладзевай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”. Іх навуковы кіраўнік Аксана Якаўчык была ўдастоена падзякі за падрыхтоўку навучэнцаў ад Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук  Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Дыплом III ступені заваявала і навучэнка школы Юлія Ступчык – прызёр IV рэгіянальнай алімпіяды па грамадазнаўстве “Інтэлект. Маладосць. Беларусь” ГрДУ імя Янкі  Купалы, а яе навуковаму кіраўніку Аксане Якаўчык  аб’яўлена падзяка ад дэкана факультэта гісторыі камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы.

У адкрытай Міжнароднай навукова-даследчай канферэнцыі маладых даследчыкаў “Адукацыя. Навука. Прафесія” (горад Самара) прадстаўленая даследчая праца Юліі Ступчык і яе навуковага кіраўніка Аксаны Якаўчык аб даследаванні тапанімічных асаблівасцяў гадонімаў горада Дзятлава была ўзнагароджана дыпломам I ступені, а работа Ксеніі Калодзіч і яе навуковага кіраўніка Вольгі Лябецкай аб посткросінгу як сродку міжкультурнай камунікацыі – дыпломам III ступені.

Віншуем вучняў і іх навуковых кіраўнікоў! Жадаем творчых поспехаў у дасягненні новых вяршыняў!

Святлана УРБАН,
кіраўнік навуковага таварыства навучэнцаў і педагогаў “Пошук”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: