У Маладзечне 27-28 мая прайшло рэспубліканскае свята “Апошні званок” для лепшых выпускнікоў установаў агульнай сярэдняй адукацыі з усіх куткоў нашай краіны.
Дзятлаўшчыну на ім прадстаўлялі Анастасія Жамайтук з Гезгалаўскай сярэдняй школы, Данііл Шумскі з гімназіі № 1 горада Дзятлава, Лізавета Варган з сярэдняй школы № 3 і Вадзім Васюкевіч з сярэдняй школы № 1. Усяго ж свята сабрала каля 3 тысяч удзельнікаў – прызёраў алімпіяд па вучэбных прадметах, пераможцаў творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў. Урачыстасць была багатая на цікавыя падзеі і ўключала некалькі тэматычных блокаў, якія далі магчымасць выпускнікам даведацца шмат цікавага, назапасіць яркіх уражанняў, пабачыць выступленні вядомых людзей рэспублікі.
Нашы маладыя землякі з задавальненнем падзяліліся ўражаннямі ад паездкі ў Маладзечна.
Данііл Шумскі:
– Выдатнае мерапрыемства. Нягледзячы на тое, што яно доўжылася шмат гадзін, час праляцеў незаўважна. Спачатку мы ўсклалі кветкі да помніка загінулым воінам у парку Перамогі і святочным шэсцем рушылі па цэнтральным праспекце горада. Урачыстая лінейка праходзіла на адкрытай пляцоўцы каля юнацкай спартыўнай школы “Алімпік-2011”. З таго, што найбольш запомнілася, вядома ж, прамова міністра адукацыі Андрэя Іванца, там жа адбылося ўшанаванне лепшых выпускнікоў 2022 года, сярод якіх была наша зямлячка Анастасія Жамайтук, спадабаліся і творчыя выступленні моладзі. Незабыўныя ўражанні пакінула другая частка свята – канцэрт з удзелам папулярных артыстаў і дыскатэка. Упэўнены, што паездку ў Маладзечна запомню на ўсё жыццё, бо яна – першы крок у будучыню. Я збіраюся стаць праграмістам, рыхтуюся да паступлення ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на спецыяльнасць “праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”. Мяркую атрымаць грунтоўную базу ведаў, якая ў далейшым дапаможа выбраць кірунак для работы ў ІТ-сферы.
Сваім равеснікам і беларускай моладзі жадаю заўсёды дабівацца поспехаў. Для гэтага трэба зразумець, што табе падабаецца, з чым жадаеш звязаць жыццё, рухацца ў выбраным кірунку і абавязкова верыць ва ўласныя сілы, каб задуманае здзейснілася.
Анастасія Жамайтук:
– Свята рэспубліканскага апошняга званка спадабалася ваёй насычанай праграмай і тым, што яго тэматыка была скіравана менавіта на інтарэсы моладзі. Хвалюючай для мяне была ўрачыстая лінейка, бо ў ліку 7 прадстаўнікоў Гродзеншчыны я атрымала кветкі і падарунак “Лепшаму выпускніку-2022”. Сёлетні год увогуле вельмі памятны, багаты на падзеі і адказны. Планую паступаць у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на лячэбны факультэт, мару стаць доктарам, у ідэале – хірургам. Паколькі я яшчэ і актывістка моладзевага руху, член моладзевага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў, то мяркую прадоўжыць грамадска карысныя справы, пастараюся прыкласці ўсе сілы і намаганні, каб быць абранай у Рэспубліканскі моладзевы парламент, спадзяюся, гэта ў мяне атрымаецца. Усім сваім равеснікам і моладзі жадаю ўдачы, зрабіць свой правільны выбар на карысць будучага жыцця, ніколі не спыняцца на дасягнутым, рухацца толькі наперад, заўсёды памятаць тыя мясціны, дзе нарадзіўся, і любіць родную краіну, у якой робіцца ўсё для падтрымкі маладога пакалення.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі рэспубліканскага свята
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga