У Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей завітаў Віктар Анішчык

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сёння ў Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей завітаў Віктар Міхайлавіч Анішчык, наш зямляк, прафесар фізфака БДУ.

Сустрэча была цёплай і плённай. Партрэт Віктара Міхайлавіча напісаў мастак Мікола Несцярэўскі. Ён знаходзіцца ў фондах музея.

Нарадзіўся Віктар Міхайлавіч у гарадскім пасёлку Наваельня. У 1967 годзе скончыў фізічны факультэт БДУ і паступіў у аспірантуру пры кафедры фізікі цвёрдага цела. Яшчэ студэнтам заняўся даследаваннем структуры і электрычных уласцівасцей вісмуту. Здабытыя звесткі аб электрычнай прыродзе гэтага паўметалічнага крышталя і склалі аснову кандыдацкай дысертацыі, якую абараніў у 1971годзе. Стажыраваўся ў ЗША (1974 г.) і Англіі (1982 г.).

У сярэдзіне 70-х гадоў Віктар Міхайлавіч асвоіў новы напрамак у фізіцы цвёрдага цела – іонна-прамянёвую мадыфікацыю крышталяў, выканаў цыкл работ па даследаванні ўласцівасцей іонна-імплантаваных металічных плёнак, а таксама пераходных металаў і сплаваў на іх аснове. Выяўлены эфект доўгадзеяння іграе істотную ролю ў практычным прымяненні іоннай імплантацыі для змацавання дэталей машын і механізмаў.

Віктар Анішчык адкрыў структурна-фазавыя пераўтварэнні пры імплантацыі, якія кантралююць механічныя ўласцівасці тэхнічна важных металаў і сплаваў. Атрыманыя навуковыя і практычныя вынікі далі штуршок да напісання паспяхова абароненай у 1990 годзе дысертацыі па тэме «Структурныя і фазавыя змяненні ў пераходных металах пры імплантацыі іонаў сярэдніх энергій», за што яму прысуджана вучоная ступень доктара фізіка-матэматычных навук, а ў 1991годзе прысвоена вучонае званне прафесара.

З 1990 па 2012 год працаваў на пасадзе загадчыка кафедры фізікі цвёрдага цела, з 1997 па 2018 год – дэканам фізічнага факультэта БДУ.

З’яўляецца аўтарам больш як 400 публікацый, у тым ліку 7 манаграфій, 5 навучальных дапаможнікаў, 9 вынаходніцтваў. Падрыхтаваў 15 кандыдатаў і 3 доктараў фізіка-матэматычных навук.

Віктар Анішчык – член экспертнага савета ВАК, член вучоных саветаў БДУ, ІФТТ АН Беларусі.

У апошнія гады ён з супрацоўнікамі актыўна даследаваў працэсы ўзаемадзеяння плазменных патокаў з крышталямі. У прыватнасці, было выяўлена ўтварэнне нанаструктур на паверхні крышталяў, апрацаваных кампрэсіённымі плазменнымі патокамі.

За навуковую і грамадскую дзейнасць Віктар Міхайлавіч узнагароджаны знакам «Выдатнік народнай адукацыі», ён з’яўляецца членам Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (1994 г.), членам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (1997 г.), вучонаму прысвоены званні заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1998 г.), сябра Беларускай інжынернай акадэміі (1999  г.), заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2011г.). Узнагароджаны прэміямі Нацыянальных акадэмій навук Беларусі, Украіны і Малдовы (2012 г.), прэміяй імя А. Н. Сеўчанкі (2015 г.).

Віктар Міхайлавіч Анішчык – той чалавек, якім можа ганарыцца дзятлаўская зямля ды і не толькі. Такія людзі апярэджваюць час, яны працуюць не на канкрэтную нацыю, а на ўсё чалавецтва, на прагрэс. Зараз Віктар Міхайлавіч выкладае на фізфаку БДУ.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: