Гэты жыццёвы дэвіз праз восем дзесяцігоддзяў пранесла ў сваім сэрцы жыхарка вёскі Сверплевічы Станіслава Жук, якая даўно лічыць Дзятлаўшчыну сваёй другой Радзімай.
Сонечным майскім днём Станіслава Станіславаўна атрымала “жывую музычную паштоўку” на свой 80-ы дзень нараджэння. У рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, які рэалізуецца ў нашым раёне сектарам пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, з цёплымі, як вясновае сонейка, словамі віншаванняў да яе завіталі артысты Ірына Бакшук і Чэслаў Свіб, прыемны падарунак ад раённага савета ветэранаў прывезла яго сакратар Ядвіга Гушча.
З песнямі мінулых гадоў, пажаданнямі здароўя, дабрабыту, даўгалецця і чыстага мірнага неба над галавой госці ўвайшлі на заліты сонцам падворак Станіславы Жук, дзе яна сустракала іх са сваімі сяброўкамі-зямлячкамі.
Дзень нараджэння Станіславы Станіславаўны прыпадае на 8 мая, напярэдадні свята – Дня Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Праўда, у маі 1942 года, калі маленькая Стася ўпершыню падала свой голас, ніхто з родных яшчэ не мог і падумаць, што ўсяго тры гады засталося да пераможнага 1945-га, залпаў салюта і бязмежнай радасці ад адчування міру і спакою. На той час гэта былі доўгія тры гады, за якія бацька паспеў пайсці ў войска і скончыць службу ў Францыі. У родную вёску Кулакоўшчына, якая знаходзіцца недалёка ад Гродна і заставы Усава, ён вярнуўся жывым, радаваўся будням і святам сярод блізкіх людзей, але памёр яшчэ не старым чалавекам.
Станіслава пасля заканчэння сямі класаў Рацічскай школы некаторы час дапамагала матулі, якая працавала даяркай, затым падалася ў вялікі свет. Узгадвае, што выехаць з калгаса і быць прынятай на іншую работу па тым часе было складана. Пашанцавала, што старэйшая сястра ўжо жыла ў Гродне, менавіта яе сям’я дапамагла Станіславе ўладкавацца на жалезабетонны завод, там атрымаць працоўную кніжку. У хуткім часе дзяўчына скончыла аднагадовыя курсы электрыкаў і была накіравана электрыфіцыраваць Лідскі раён. Працаваць даводзілася ў розных населеных пунктах, у тым ліку ў Малым Мажэйкаве, пракладваць праводку ў жылых дамах. Там і сустрэла свайго будучага мужа Пятра Уладзіміравіча, які разам з брыгадай вёў нізкавольтную электралінію.
Праз некаторы час лёс “закінуў” маладую сям’ю Жукоў на Дзятлаўшчыну, дзе ў вёсцы Сверплевічы яны выгадавалі дваіх сыноў – Валерыя і Мікалая. На жаль, побач са Станіславай Станіславаўнай ужо няма яе “другой палавінкі”, але радаваць юбілярку прадаўжаюць дзеці, чацвёра ўнукаў, трое праўнукаў. Прыязджалі яны і на бабулін юбілей.
Працоўны шлях на Дзятлаўшчыне Станіслава Жук прадоўжыла ў мясцовым калгасе – спачатку паляводам, затым даяркай. Дома таксама даводзілася шмат завіхацца па гаспадарцы, бо трымалі карову, іншую жывёлу, даглядалі агарод, расцілі бульбу.
Менавіта надзённую працу Станіслава Жук лічыць сваім сакрэтам даўгалецця, сцвярджае, што за работай жывецца лягчэй. Яна любіць родную вёску, свой падворак, які штогод да дня нараджэння гаспадыні ўбіраецца ў белую квецень вішняў. Маладому пакаленню Станіслава Станіславаўна таксама раіць любіць сваю родную краіну, працаваць, не траціць час марна, каб у далейшым стаць добрым прыкладам для ўласных дзяцей.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga