Першамай: узнагароды – лепшым працаўнікам, інтэлектуалам, спартсменам (+відэа)

Галоўнае Улада

У Свята працы дзятлаўчане сабраліся на плошчы 17 Верасня райцэнтра, каб ушанаваць землякоў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у працы, грамадскім жыцці, навуцы, спорце.

Свята распачала ўрачыстая цырымонія ўручэння пасведчанняў аб занясенні на раённую Дошку гонару і ўшанавання заслужаных землякоў. З Першамаем удзельнікаў мерапрыемства павіншаваў старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі:

– Сёння ад усёй душы мы дзякуем усім, хто сваёй працай робіць дастойны ўклад у эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё раёна. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасуем ветэранам – усім, хто сумленна працаваў на карысць нашай вялікай і малой радзімы і пайшоў на заслужаны адпачынак.
Нягледзячы на няпростыя ўмовы, у якіх нам прыйшлося працаваць летась, у раёне дасягнуты добрыя вынікі і поспехі ў сельскагаспадарчай вытворчасці, будаўніцтве, сацыяльнай сферы і іншых галінах дзейнасці. Дзякуй вам, паважаныя дзятлаўчане, за любоў да роднай зямлі і высакародную працу ў імя яе росквіту і дабрабыту!

Па выніках работы за 2021 год, згодна з рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, на раённай Дошцы гонару з’явіліся прозвішчы перадавікоў вытворчасці. На святочнай плошчы райцэнтра кіраўнік раёна ўручыў ім памятныя сертыфікаты і грашовыя прэміі. Таксама былі ўшанаваны сельскія выканаўчыя камітэты і працоўныя калектывы, якія па выніках раённага спаборніцтва дасягнулі высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці. Пераможцамі прызнаны працоўныя калектывы Казлоўшчынскага сельвыканкама, ААТ “Дварэцкі льнозавод”, КСУП “Хвінявічы”, Новаяльнянскага дома культуры, Новаяльнянскай сярэдняй школы, Гезгалаўскага ясляў-сада, Лявонавіцкага фельчарска-акушэрскага пункта, Парэцкай амбулаторыі доктара агульнай практыкі.

Са словамі віншавання да землякоў звярнуўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сіняк:

– Дзятлаўскі раён разам з усёй рэспублікай сустракае 1 Мая сваімі працоўнымі поспехамі. Яго жыхары робяць усё магчымае для развіцця і росквіту нашай краіны. Першамай сімвалізуе павагу да чалавека працы, і сённяшняе свята – пацверджанне гэтага.
Уладзімір Аляксандравіч прыехаў на Дзятлаўшчыну з прыемнай місіяй: за высокі прафесіяналізм, сумленнае выкананне прафесійных абавязкаў, асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё падведамаснай тэрыторыі і органаў мясцовага самакіравання ён уручыў старшыні Дзятлаўскага сельвыканкама Аляксандру Маркушэўскаму Падзяку старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Ганаровымі граматамі райвыканкама і грашовымі прэміямі для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы былі адзначаны навучальныя ўстановы, якія пастаянна на высокім узроўні праводзяць работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі. Сёлета імі сталі Новаяльнянская сярэдняя школа, сярэднія школы № 1 і № 3 горада Дзятлава.

Працаўнікоў раёна павіншавалі прафсаюзныя лідары – старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. Яны ўручылі ўзнагароды прафсаюзным актывістам і выдатным работнікам. Лепшай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй раёна па выніках мінулага года стала пярвічка ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”.

У першы дзень мая віншаванні і ўзнагароды ад кіраўніцтва раёна прымалі інтэлектуалы, прадстаўнікі залатога фонду Дзятлаўшчыны – вучні школ раёна, якія заваявалі прызавыя месцы ў навуковых конкурсах і канферэнцыях.

Падзячныя лісты старшыняў райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, а таксама грашовыя прэміі атрымалі ўдзельнікі хакейнай каманды “Алмаз” — пераможцы рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Узнагародамі былі адзначаны іх трэнеры: Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў – намеснік начальніка папраўчай калоніі-пасялення Аляксей Петрыкевіч, Ганаровай граматай Гродзенскага аблвыканкама – загадчык сектара спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Дзмітрый Ёда.

Песенныя падарункі ў час свята гасцям падарылі работнікі культуры і вучні школ раёна.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: