Па “вектары росту” перадаваць вопыт моладзі

Важнае Грамадства

20 мая ў райвыканкаме прайшла справаздачна-выбарчая канферэнцыя Дзятлаўскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, на якой ацэнена работа аб’яднання за 2019-2021 гады, старшынёй зноў выбраны Ігар Кухарэвіч. Удзел у пасяджэнні прыняла намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Святлана Вараніца.

– Сёння ў састаў раённага аб’яднання “Белая Русь” уваходзяць 40 пярвічак, гэта 598 чалавек, агульная колькасць членства павялічана на 43 чалавекі, – зазначыў Ігар Кухарэвіч. – Работа арганізацыі скіравана на згуртаванне канструктыўных сіл грамадства для забеспячэння стабільнасці развіцця Дзятлаўскага раёна, дабрабыту ў жыцці дзятлаўчан. Тут сабраны актыў з лідарскімі і арганізатарскімі якасцямі, якія здольны не толькі бачыць праблемы людзей, але і шляхі іх вырашэння. У справаздачны перыяд дзейнасць аб’яднання была скіравана на стварэнне ўмоваў для актыўнага ўдзелу насельніцтва ў грамадска-палітычным жыцці раёна і краіны, выбарчых кампаніях, правядзенні Усебеларускага народнага сходу, рэспубліканскага рэферэндуму па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, падрыхтоўцы ў раёне дзяржаўных святаў і іншых важных мерапрыемстваў. Шырокая сацыяльная і дабрачынная дзейнасць “Белай Русі” дазволіла павысіць яе аўтарытэт у насельніцтва, сфарміраваць імідж. Сярод добрых справаў арганізацыі – падтрымка адораных дзяцей і моладзі, шэфства над сацыяльнымі ўстановамі і шматдзетнымі сем’ямі, аказанне садзейнічання ў развіцці студатрадаўскага руху. Быў праведзены шэраг мерапрыемстваў і акцый, аб’яднаных у адзіны праект “Белая Русь” – для малой радзімы”, якія з улікам канкрэтных напрамкаў дзейнасці рэалізоўваліся праз тры міні-праекты, што ахоплівалі сацыяльную, духоўную і моладзевую сферы: “Тэрыторыя клопату”, “У будучыню з надзеяй”, “Вектар росту”. Работа раённай арганізацыі будуецца на прынцыпе падтрымкі і фінансавання грамадзянскіх ініцыятыў, якія ідуць ад простых людзей. Пастаўленыя перад аб’яднаннем задачы выконваюцца, яно назапашвае грамадскі давер і палітычную вагу, вопыт заканадаўчай дзейнасці, а галоўнае –працуе над аргументаванай пазіцыяй па ўсіх пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага раёна. Дзякую за станоўчую работу ўсім пярвічным арганізацыям, спадзяюся, мы памножым гэтыя набыткі.

На пасяджэнні быў заслуханы даклад старшыні кантрольна-рэвізійнай камісіі Галіны Ярмачэнкі, вопытам работы падзяліліся лідары пярвічных арганізацый ААТ “Граніт-Агра” – Кацярына Дубешка і Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы – Марына Нячай, прагучаў даклад рэдакцыйнай камісіі.

Са словаў падзякі за дасягненні дзятлаўскіх хакеістаў, добрыя справы актывістаў “Белай Русі”, павагу да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь і цікавыя выступленні дакладчыкаў сваю прамову пачала Святлана Вараніца.

– Вы часта і даволі аператыўна дзеліцеся вынікамі спраў, – падкрэсліла яна. – Вельмі мне спадабаўся выраз “вектар росту” – няхай гэтыя словы спраўдзяцца і ў адносінах да членства і павелічэння колькасці раённых пярвічак. Дзяржава бярэ на сябе абавязак абараняць нацыянальныя сімвалы і гістарычную праўду, а патрыятызм і павага да іх – наш з вамі абавязак. Задача грамадства – рэалізаваць гарантыі дзяржавы. “Заклікаць” у аб’яднанне і зацікавіць можна выключна ўласным прыкладам, і мала проста рабіць карысныя справы, трэба пра іх расказваць, прыцягваць да сябе ўвагу тым, чым мы напаўняем сваё жыццё. На Гродзеншчыне ўсе грамадскія аб’яднанні працуюць супольна, аднак у “Белай Русі” ёсць асаблівасць: мы не проста арганізацыя, а, па сутнасці, сталі грамадска-палітычным рухам. Мінюст працуе над новым законам, і кіраўнік дзяржавы ўскладае вялікія надзеі на той актыў, які за перыяд дзейнасці “Белай Русі” вырас і пасталеў. Куды нам ісці? Па “вектары росту” перадаваць свой вопыт, палітычную культуру і веды моладзі. Мяркую, з гэтай задачай мы можам справіцца – падрыхтаваць таленавітае маладое пакаленне для Беларусі.

За актыўную грамадска-палітычную дзейнасць і значны асабісты ўклад у развіццё раённай арганізацыі Ганаровую грамату прэзідыума Гродзенскага абласнога Савета РГА “Белая Русь” Святлана Вараніца ўручыла старшыні раённага аб’яднання Ігару Кухарэвічу.

Граматай і Падзячнымі лістамі Дзятлаўскага раённага Савета РГА “Белая Руь” адзначаны Наталля Белаус, Кацярына Дубешка, Таццяна Нікіпорчык, Аляксей Цітоў, Іна Ванчук, Ірына Стырнік, Аляксей Урбановіч.

Былі выбраны члены раённага Савета РГА “Белая Русь”, кантрольна-рэвізійная камісія, дэлегаты для ўдзелу ў абласной справаздачна-выбарчай канферэнцыі.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga