У апошні час у рэспубліцы адзначаюцца частыя выпадкі траўмавання людзей электрычным токам пры лоўлі рыбы на берагах рэк і вадаёмаў у ахоўных зонах паветраных ліній электраперадачы.
Пры лоўлі рыбы з берага тэлескапічнымі вудамі, даўжыня якіх дасягае шасці метраў і больш, іх вудзільнам або лескай можна дакрануцца да правадоў паветранай лініі ці наблізіць іх да правадоў на недапушчальную адлегласць. У такім выпадку пад дзеянне электрычнага току трапляе не толькі чалавек, які трымае вудачку, але і людзі, што знаходзяцца побач (з-за крокавага напружання). Расследаванне абставінаў такіх няшчасных выпадкаў паказвае, што іх прычынай з’явілася грубае парушэнне пацярпелымі правілаў аховы электрычных сетак, асабістая неасцярожнасць, невыкананне правілаў электрабяспекі або іх няведанне.
Правіламі аховы электрычных сетак напружаннем звыш 1000 вольт уздоўж паветраных ліній электраперадачы ўстаноўлены ахоўныя зоны ў выглядзе зямельнага ўчастка і паветранай прасторы, абмежаваных вертыкальнымі плоскасцямі.
Прычым адлегласць ад іх да правадоў лініі залежыць ад напружання: для ліній напружаннем да 20 кВ яно складае 10 м; напружаннем 35 кВ – 15 м; 110 кВ – 20 м; 220 кВ – 25 м.; 330 кВ – 30 м. У ахоўных зонах гэтых ліній, якія праходзяць па воднай паверхні рэк і вадаёмаў або па іх берагах, забараняецца лавіць рыбу вудачкамі. Як правіла, такія месцы абсталяваны плакатамі, якія папярэджваюць аб небяспецы тут рыбнай лоўлі.
Паважаныя аматары рыбнай лоўлі! Каб ваша рыбалка была бяспечнай, перад яе пачаткам упэўніцеся, што паблізу няма паветраных ліній электраперадачы.
Папярэджвайце аб небяспецы іншых асобаў, якія знаходзяцца ў полі зроку, парушаюць правілы аховы электрычных сетак і падвяргаюць небяспецы сваё жыццё і жыццё навакольных. Аб заўважаных няспраўнасцях або парушэнні правілаў іншымі асобамі паведаміце дыспетчару электрасетак па тэлефонах: 6-79-36, 8033-370-48-82 або 144.
Вячаслаў КЕЦЬ,
начальнік Дзятлаўскай энергаінспекцыі
Андрэй ГОМАН,
намеснік галоўнага інжынера Дзятлаўскага РЭС
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga