На нарадзе ў старшыні райвыканкама. Майскія клопаты

Важнае Улада

Правядзенне пасяўной кампаніі і гатоўнасць да нарыхтоўкі кармоў, бяспека ў аздараўленчы перыяд, захаванне экасістэмы, ліквідацыйныя прадпрыемствы – гэтыя і іншыя пытанні разгледзелі на нарадзе старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Стань гаспадаром, а не часовым даглядчыкам

Пасяўная ў раёне працягваецца – зямля, прагрэтая вясновым сонейкам, пачціва “прымае” насенне.

– Пакуль захоўваецца асцярога па выкананні тэрмінаў пасяўной, – расказаў кіраўнік раёна. – Дзесяць дзён ёсць на дасеў кукурузы, месцамі патрабуецца перасеў азімых каласавых культур. Гаспадаркі “Хвінявічы”, “Войневічы”, “Жукоўшчына” могуць не справіцца, асабліва, калі зноў пойдуць дажджы.

Гучалі на нарадзе заўвагі і па іншых пытаннях сельскагаспадарчых работ. Так, гаспадарка “Хвінявічы” не завяршыла дагэтуль хімічную праполку азімых зерневых; ААТ “Граніт-Агра” штодзённа мінусуе па вытворчасці малака; вострым застаецца пытанне па жывёлагадоўлі – пагалоўе буйной рагатай жывёлы гаспадаркі скарачаюць і далей, спасылаючыся на недахоп кармоў.

Андрэй Садоўскі адзначыў, што ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання ёсць вузкапрофільныя спецыялісты, якія могуць і павінны разабрацца, што стала прычынай “мінусаў” і якое з іх выйсце.

Як сведчаць лічбы, некаторыя эканамічныя паказчыкі, напрыклад, рост валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі за першы квартал у раёне складваецца толькі за кошт асобных гаспадарак, такіх як “АграМілк”.

– Пытанне, а дзе астатнія? Кіраўнік павінен быць гаспадаром, а не часовым даглядчыкам – тады будзе толк, – строга рэзюмаваў Андрэй Садоўскі.

Сонца, весялосць і сяброўства

Для дзяцей у час летніх канікулаў галоўнае менавіта гэта, а вось дарослыя зацікаўлены яшчэ і ў поўнай іх бяспецы. Гатоўнасць аздараўленчых летнікаў да сезона, у тым ліку на базе школ, зараз правяраюць медыкі, ратаўнікі, міліцыянеры. Тэму аздараўлення маленькіх дзятлаўчан трымаць на кантролі даў заданне старшыня райвыканкама адказным службам.

Не варта недаацэньваць

Пажар у выніку выпальвання травы – стыхійнае бедства, тлумачыць гэта нікому з дарослых, быццам, і не трэба. Аднак, калі агучвае на нарадзе начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык лічбы ўзгаранняў у экасістэмах, а ў сакавіку на Дзятлаўшчыне іх адбылося 33, то аказваецца, што з’ява набыла настолькі шырокі і рэгулярны характар, што гаварыць і тлумачыць, папярэджваць насельніцтва аб небяспецы выпальванняў трэба зноў і зноў.

Акрамя таго, Андрэй Садоўскі папярэдзіў начальнікаў землеўпарадкавальнай службы райвыканкама і райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя аб вядзенні пастаяннага кантролю за зямельнымі ўчасткамі, якія не выкарыстоўваюцца па прызначэнні, не ўключаны ў севаабарот, дзе няскошаная трава прымыкае да лясных зон, а таксама прыняцці ўсіх мераў для прафілактыкі, мякка кажучы, няправільнага ўзаемадзеяння чалавека з прыродай.

Іншыя тэмы коратка

Старшыня райвыканкама падзякаваў на нарадзе сельскім выканаўчым камітэтам і настаўнікам, вучням навучальных установаў раёна за актыўны ўдзел у святочных мерапрыемствах, акцыях, мітынгах, шэсцях, прымеркаваных да Дня Перамогі.

– Гэта самая актыўная, адказная, масавая частка ўдзельнікаў усіх падзеяў, якія адбываюцца на Дзятлаўшчыне, таму так заўсёды хочацца і прыемна ўшаноўваць, падтрымліваць, дапамагаць сферы адукацыі, мясцоваму самакіраванню, – падкрэсліў Андрэй Уладзіміравіч.

****

Старшынёй райвыканкама ўзнята пытанне аб увядзенні ў эксплуатацыю будынка былой школы-інтэрната ў Дзятлаве. Адпаведным службам даручана высветліць усе праблемныя нюансы па магчымасцях рамонту і пераводу гэтага будынка ў арэнднае жыллё.

****

Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус агучыла даты правядзення “апошніх званкоў” у школах раёна – яны “прагучаць” 30 мая.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: