Іх сямейнаму саюзу – 55 гадоў

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

На Дзятлаўшчыне жыве шмат цікавых людзей шаноўнага ўзросту, аднак ёсць у нашым раёне і сямейныя пары, у якіх “стаж” сумеснага жыцця перасягнуў за паўстагоддзя.

У кастрычніку 2022 года будуць адзначаць сваё смарагдавае вяселле, а гэта значыць, 55 гадоў крочаць поруч па жыцці, падтрымліваючы і аберагаючы адзін аднаго, нашы землякі з вёскі Нарбутавічы – Ванда Іосіфаўна і Мечаслаў Паўлавіч Генюкі.

Напярэдадні Дня сям’і рэйд-віншаванне “Сям’я – гэта тое, што з табой назаўжды” для іх у рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” арганізавалі артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і сектара па арганізацыі вольнага часу Жукоўшчынскага дома культуры.

Кветкі, віншаванні, пажаданні самых светлых дзён, бадзёрасці духу, моцнага здароўя, клопату родных людзей – усё ў гэты дзень дарыла сямейным юбілярам цудоўны настрой, а добра вядомыя хіты мінулых гадоў нібыта вярнулі іх у маладосць, у тыя дні, калі толькі “зараджаўся” іх саюз. Стаць моцным яму дапамаглі каханне, узаемаразуменне і згода, якія Ванда Іосіфаўна і Мечаслаў Паўлавіч пранеслі ў сваіх сэрцах праз усё жыццё.

Выраслі яны ў адной вёсцы – Нарбутавічах, але ўвагу адзін на аднаго звярнулі не адразу, бо Мечаслаў Паўлавіч быў старэйшы на некалькі гадоў. Сімпатыю адчулі на танцах, калі разам заўзята выплясвалі ў клубе польку. У хуткім часе Ванда Іосіфаўна атрымала прапанову рукі і сэрца.

Сямейная пара выгадавала дваіх сыноў – Мечаслава і Васіля, якія цяпер жывуць у Дзятлаве, дачакаліся чацвярых унукаў і дваіх праўнукаў. Генюкі заўсёды былі моцнымі, стараннымі гаспадарамі, шмат працавалі, трымалі вялікую гаспадарку. Разам з тым, Ванда Іосіфаўна паспявала ствараць прыгажосць у сваім доме – вышывала, ткала, яе работамі і сёння можна залюбавацца.

На пытанне, якая “формула” іх праверанага часам сямейнага шчасця, Генюкі адказваюць проста:

– Прывыклі ўсё гаварыць адзін аднаму адкрыта, не трымаць сакрэтаў, разам вырашаць жыццёвыя праблемы, а каханне дапамагала, шанаваць адзін аднаго.

Лепшая традыцыя вялікай сям’і Генюкоў – збірацца разам з дзецьмі, унукамі, праўнукамі, сваякамі на Вялікдзень, Каляды і сямейныя святы, праводзіць час за цёплымі размовамі, весяліцца.

Маладым сем’ям, якія толькі пачынаюць свой сумесны шлях па жыцці, Мечаслаў Паўлавіч і Ванда Іосіфаўна жадаюць не скарацца жыццёвым бурам, кахаць, разумець і не папракаць адзін аднаго, жыць у згодзе і ладзе.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены сектарам пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: