Хачу расказаць аб маёй бабулі Аляксандры Артамонаўне Шаўчук, ветэране Вялікай Айчыннай вайны, заслужанай настаўніцы БССР, былым настаўніку пачатковых класаў Новаяльнянскай сярэдняй школы. Сёлета ёй споўнілася б 100 гадоў.
Нарадзілася яна 15 ліпеня 1922 года на хутары Кудзінаў Растоўскай вобласці, Дубоўскага раёна ў беднай сям’і. Вучылася ў чыгуначнай школе № 7 горада Пралетарска. А ў 1938 годзе скончыла 8 класаў і паступіла вучыцца ў Пралетарскае педвучылішча па спецыяльнасці “настаўнік пачатковых класаў”.
Паспяхова яго скончыла 21 чэрвеня 1941 года.
Але запаветныя словы “Добры дзень, дзеці!” яна не паспела сказаць. Вайна чорнай хмарай навісла над Радзімай. Як і тысячы маладых людзей, Аляксандра паспяшалася ў ваенкамат, каб абараняць сваю Радзіму і біць ворага. Але атрымала адмову, так як трэба было вучыць дзяцей. Шура кожны месяц хадзіла ў ваенкамат, прасілася на фронт, а праз паўгода сышла добраахвотнікам. Атрымаўшы форму, працівагаз, пасцельныя прыналежнасці, посуд, Аляксандра адправілася ў школу радыстаў-кадзіравальнікаў у мястэчка Муртарава. Там яна вывучала ваенную і радыёсправы, выконвала важныя заданні, на працягу трох месяцаў асвойвала спецыяльнасць: трэба было вывучыць азбуку Морзэ, навучыцца перадаваць і прымаць яе па рацыі.
У чэрвені 1942 года яе накіравалі ў горад Грозны ў 36-ю школу паветраных стралкоў-радыстаў. Аляксандра была залічана ў першую роту першага ўзвода. За выдатнае нясенне вайсковай службы і ваенную падрыхтоўку была прызначана камандзірам аддзялення. У жніўні 1942 года яе накіравалі ў Майкопскае авіявучылішча, але дабрацца да Майкопа яна не змагла: ён гарэў, яго бамбілі фашысты. Тыдзень знаходзілася ў горадзе Арджанікідзэ на чыгуначнай станцыі, пакуль Аляксандру не перавялі на новае месца службы ў 502 БАА (батальён аэрадромнага абслугоўвання) у Паўночнакаўказскую вайсковую акругу ў якасці радыста-кадзіравальніка.
Шмат выпрабаванняў прыйшлося перажыць юнай дзяўчыне-радыстцы. Разам з батальёнам удзельнічала ў баявых дзеяннях на Кубані, Каўказе, у Арменіі, у Смаленскай і Калінінградскай абласцях Расіі. У 502 БАА ў вайсковым званні малодшага сяржанта на Кубані служыла да 6 снежня 1944 года.
Сваю першую і адзіную любоў, Васіля Шаўчука, які служыў вадзіцелем у батальёне, яна сустрэла на вайне. Вяселле згулялі там жа, на фронце. Стварэнне маладой сям’і змацаваў сваім подпісам начальнік штаба. У 1945 годзе ў маі нарадзілася дачка Вольга, мая мама.
Са снежня 1944 па верасень 1947 года працавала настаўніцай пачатковых класаў у школе № 7 горада Пралетарска. У 1947 годзе пераехала ў гарадскі пасёлак Наваельня. З лютага 1948 года пачала працаваць настаўніцай пачатковых класаў. Аляксандра Артамонаўна несла веды і радасць стасункаў дзецям, у якіх вайна адабрала дзяцінства. Школа была для яе другім домам, а дзеці, якіх яна вучыла, другой сям’ёй.
Абіралася дэпутатам Новаяльнянскага пасялковага савета, з’яўлялася членам камісіі па народнай адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама, прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці школы і пасёлка. Выступаючы перад піянерамі і камсамольцамі, дзялілася сваім жыццёвым вопытам. Вялікую ўвагу надавала грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення.
31 снежня 1958 года Аляксандра Шаўчук была ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік народнай адукацыі”. 24 жніўня 1965 года – Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 27 жніўня 1965 года ёй прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік БССР”.
За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, 31 мая 1946 года была ўзнагароджана медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў”, а пасля і многімі юбілейнымі медалямі. Загадам міністра абароны СССР ад 6 красавіка 1985 года № 75 за адвагу, мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і ў азнаменаванні 40-годдзя Перамогі ўзнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені.
Вобраз яе, як настаўніка, застаўся ў памяці вучняў розных гадоў.
З успамінаў Любові Бляхер: “Школу я скончыла ў 1962 годзе і памятаю ўсіх настаўнікаў. Але асаблівыя ўспаміны ў мяне засталіся аб маёй першай настаўніцы – Аляксандры Арцёмаўне Шаўчук (так называлі яе вучні). Я прыйшла да яе ў першы клас у 1952 годзе. Тады яна была вельмі маладая і строгая. Сціпла апранутая, але заўсёды акуратная, з ордэнскімі планкамі. Гэта быў вельмі душэўны і граматны настаўнік. Мы памятаем яе добрае сэрца і цікавыя ўрокі”.
Успаміны вучаніцы школы, а цяпер настаўніцы Людмілы Баброўскай: “Памяць аб першай настаўніцы застаецца ў сэрцы кожнага вучня. Маю першую настаўніцу Аляксандру Арцёмаўну Шаўчук забыць немагчыма. У меру строгая, клапатлівая, высокапрафесійны настаўнік, як кажуць, ад Бога, дала нам трывалыя веды. Вучыла нас быць добрымі, чулымі, працавітымі, выхоўвала самыя цёплыя і светлыя пачуцці. Кожны ўрок быў для нас адкрыццём. Аляксандра Арцёмаўна навучыла нас працаваць і дамагацца поспехаў. Яе вопыт, невычэрпная энергія, любоў да дзяцей, адданасць прафесіі служыць для мяне прыкладам. А вобраз Аляксандры Арцёмаўны паўплываў на выбар маёй прафесіі: я таксама стала настаўнікам пачатковых класаў”.
Бабуля працавала ў школе 30 гадоў, пайшла на заслужаны адпачынак ветэранам педагагічнай працы, але і пасля гэтага не перарывала сувязі са школай. Яе часта запрашалі на розныя святы і мерапрыемствы, сустрэчы. У сваіх гутарках са школьнікамі яна шмат расказвала пра вайну, пра мужнасць і стойкасць салдат. Светлая памяць маёй бабулі і ўсім удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны! І няхай гэта памяць жыве ў нашых сэрцах вечна!
Марына Юрчык,
ваенны пенсіянер, бібліятэкар Новаяльнянскай сярэдняй школы
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga