І байдарачніца, і веласіпедыстка

Важнае Грамадства

Знайсці сваё прызванне, выбраць прафесію па душы, атрымліваць задавальненне ад таго, чым займаешся, – усім гэтым можа пахваліцца не кожны чалавек.

Адной з тых, хто не пабаяўся змяніць сферу дзейнасці і ажыццявіў сваю “прафесійную” мару, стала дырэктар Дзятлаўскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Вольга Васіленка.

Вольга Іванаўна – карэнная дзятлаўчанка. З самага дзяцінства вельмі любіла спорт, вяла актыўны лад жыцця і проста не магла ўседзець на месцы. Гуляла ў баскетбол, валейбол, настольны тэніс, каталася на лыжах, плавала. Яшчэ адным захапленнем юнай спартсменкі быў веласіпед. Добры прыклад падавала мама, якая спраўлялася з усімі справамі разам з двухколавым “сябрам”. Экалагічны і карысны транспарт стаў асноўным сродкам перамяшчэння і для Вольгі: сёння веласіпедыстку можна часта ўбачыць у горадзе – яна едзе на работу, у магазін або куды-небудзь спяшаецца, каб вырашыць свае “спартыўныя” задачы.

У школьныя гады, акрамя спорту, дзяўчынка займалася музыкай: вучылася іграць на баяне. Менавіта ў гэтым напрамку яна вырашыла развівацца і строіць кар’еру. Пасля заканчэння Лідскага музычнага вучылішча па класе “баян” працавала педагогам-арганізатарам і выкладала музыку і спевы ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава. Потым займала розныя пасады ў раённым камітэце ГА “БРСМ”. Аднак, яшчэ будучы студэнткай, дзяўчына зразумела, што спорт ёй бліжэй, чым музыка, таму ніколі не пакідала надзеі змяніць прафесію. Так і адбылося. Вользе Васіленка прапанавалі папрацаваць у раённым фізкультурна-спартыўным клубе. Яна не ўпусціла свой шанц і пагадзілася. Вырашыла паступіць на завочную форму навучання ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на факультэт фізічнай культуры, “падмацаваць” жаданне тэарэтычнымі ведамі, практычнымі навыкамі і стаць кваліфікаваным спецыялістам. Быў перыяд, калі Вольга Іванаўна жыла ў Смаргоні і працавала ў мясцовым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі педагогам-арганізатарам, загадчыцай аддзела турызму і краязнаўства. Там яна пачала развіваць яшчэ адно з захапленняў свайго юнацтва – сплавы на байдарках. Арганізавала сямейны клуб аматараў водных падарожжаў, сплаўлялася з бацькамі і дзецьмі па Віліі і Страчы. Сваё захапленне заўзятая байдарачніца прадоўжыла і на Дзятлаўшчыне. На малой радзіме жанчына – ас у гэтым турыстычным напрамку: раней яна прайшла курсы па арганізацыі водных паходаў і стала суправаджаць групы на сплавах.

У ФСК Вольга Васіленка працуе дырэктарам ужо каля дзесяці гадоў, з’яўляецца арганізатарам і каардынатарам спартыўна-масавых мерапрыемстваў на Дзятлаўшчыне, сама з задавальненнем удзельнічае ў розных аматарскіх абласных і раённых спаборніцтвах па настольным тэнісе, стрытболе, плаванні, лыжных гонках, дзе займае прызавыя месцы. Як і ў многіх людзей, у яе ёсць запаветная мара: адправіцца ў кругасветнае падарожжа, няхай нават з рукзаком і без асаблівага камфорту. Рух – гэта жыццё, лічыць Вольга Іванаўна. Нядзіўна, што ёй цяжка ўседзець у чатырох сценах. Сёння сплаў, заўтра спаборніцтвы, а на работу, па справах і дадому – за рулём веласіпеда.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: