У Дзятлаўскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі адбылася сустрэча з уручэннем падарункаў, прымеркаваная да Дня сям’і.
Яе спонсарам у рамках дабрачыннай акцыі “Колькі каштуе дзіцячая ўсмешка?” стаў “Беларускі дзіцячы фонд”. Яшчэ ў сакавіку стартавала акцыя Гродзенскага абласнога аддзялення па зборы сродкаў на аказанне дапамогі дзецям-інвалідам, якія атрымліваюць адукацыю дома. Пра гэта ў час сустрэчы расказала дырэктар ЦКРНіР Марына Гуговіч.
Яна ўручыла прысутным бацькам і дзецям з названай катэгорыі падарачныя сертыфікаты, кожны на 30 рублёў. Усяго яны будуць перададзены 12 дзецям. На працягу месяца ўладальнікі сертыфікатаў змогуць у зручны для сябе час наведаць Дом гандлю ў Дзятлаве і выбраць адзенне або сродкі гігіены.
У рамках святкавання Дня сям’і на працягу тыдня таксама рэалізоўваўся інстаграм-праект ад ЦКРНіР “Сям’я – тэрыторыя любові. Глядзі і вучыся!”, удзел у якім прынялі ўсе школы раёна. Мерапрыемствы з падвядзеннем вынікаў ладзіліся кожны дзень. Такі фармат, на думку педагогаў, – найбольш эфектыўны спосаб узаемадзеяння дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзяцей-інвалідаў, якія навучаюцца дома, бацькоў і педагогаў аб’яднацца ў адзіным працэсе і прайсці шлях ад знешняга да ўнутранага дыялога.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga