Дзелавы панядзелак. Вывесці тэхніку на лінію гатоўнасці

Важнае Улада

Аздараўленне дзяцей у летні перыяд, рост кіберзлачыннасці, рамонт камбайнаў, лічбавізацыя зямельных участкаў, падрыхтоўка да экзаменаў і выпускных, ачыстка возера, барацьба з сумнікам і баршчэўнікам, рамонт кацельняў і іншыя пытанні абмяркоўваліся на штотыднёвай нарадзе старшыні райвыканкама.

Вучэбны год завяршаецца

Выпускнікі рыхтуюцца да экзаменаў і тэсціравання, набываюць нарады на выпускны баль, астатнія школьнікі, як уласціва дзецям, не могуць дачакацца апошняга вучэбнага дня перад трохмесячным адпачынкам. Тым часам настаўнікі, адміністрацыя навучальных установаў і спецыялісты аддзела адукацыі пераходзяць у напружаны рэжым работы, дзе першым нумарам стаіць арганізацыя летняга адпачынку дзяцей. Як паведаміла намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка, на базе ўсіх школ у раёне традыцыйна будуць працаваць летнікі, 4 з іх – працы і адпачынку. Будуць функцыянаваць 12 кругласутачных летнікаў, 9 дзённых з профільнай арыентацыяй: турыстычнай, ваенна-патрыятычнай і іншыя. Усяго плануецца аздаравіць 1148 навучэнцаў, з іх 40 дзяцей-сіротаў і 13 дзяцей-інвалідаў.

Рэспубліканскае свята “Апошні званок” у гэтым годзе пройдзе ў Маладзечне. На ім 27 і 28 мая лепшыя навучэнцы 11-х класаў усіх школ краіны і іх настаўнікі атрымаюць узнагароды. Дзятлаўшчыну на ім прадставяць пераможцы шматлікіх конкурсаў, алімпіяд: Анастасія Жамайтук, Вадзім Васюкевіч, Лізавета Варган, Данііл Шумскі.

Што датычыцца раённага выпускнога балю, ён 10 чэрвеня ўрачыста распачнецца на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве з уручэннем заслужаных узнагародаў лепшым з лепшых. Школы Дзятлаўшчыны сёлета заканчваюць 150 адзінаццацікласнікаў, летась іх было менш на 40 чалавек.

Тэхніка, нарыхтоўка, малако

– Прадугледзець сродкі на падрыхтоўку зернеўборачных камбайнаў. Амаль ва ўсіх нашых гаспадарках яны беларускай вытворчасці, адпаведна і затраты будуць адносна невысокія. Да 1 ліпеня зернеўборачная тэхніка з дадатковымі прыстасаваннямі (рапсавыя прыстаўкі, прэспадборшчыкі, сродкі пажаратушэння і іншыя) павінна стаяць на лініі гатоўнасці, – такую задачу паставіў дзятлаўскім аграрыям старшыня райвыканкама.

Дарэчы, на абласной відэаканферэнцыі з губернатарам, якая папярэднічала нарадзе, адзначалася, што Дзятлаўскі раён нароўні з больш магутнымі – Ваўкавыскім, Гродзенскім – годна падрыхтаваў сельскагаспадарчую тэхніку і ў 100-працэнтным аб’ёме ўжо прайшоў транспартныя тэхагляды ва ўсіх гаспадарках.

Андрэй Садоўскі таксама даў заданне на гэтым тыдні прыступіць да ўборкі паўкоснага жыта. Гэта прамежкавая культура севазвароту, якую высяваюць на поле пасля ўборкі асноўнай у тым жа годзе з мэтай атрымання дадатковага ўраджаю.

У цэнтры ўвагі кіраўнікоў гаспадарак і першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейкі па-ранейшаму застаецца павелічэнне якасці і колькасці малака на комплексах і фермах.

“Падмані мяне, калі зможаш”

Кіберзлачыннасць ужо даўно прайшла этап глабалізацыі і стала міжнароднай, але гаварыць пра яе як пра шырокамаштабную праблему вялікіх гарадоў, на жаль, ужо не прыходзіцца. Штотыднёва ад інтэрнэт- і тэлефонных махляроў церпяць людзі ў кожным населеным пункце Беларусі, у тым ліку і на Дзятлаўшчыне. Сярод найбольш распаўсюджаных падманаў – званкі ад “работнікаў” банка або з незнаёмага нумара, просьбы аб грашовай дапамозе ад сяброў па сацыяльных сетках, аб тэрміновым выратаванні сваяка, які стаў віноўнікам псеўдааўтааварыі або аб папярэдняй аплаце на сайце “Куфар”.

Займацца прафілактыкай, ісці да людзей, тлумачыць, прыводзіць прыклады рэальных гісторый пацярпелых настройваў адказныя службы Андрэй Уладзіміравіч.

Таксама па лініі сілавых структур і ратаўнікоў абмеркавалі прафілактычную работу з непаўналетнімі напярэдадні летніх канікулаў, прафарыентацыйныя сустрэчы, а таксама па папярэджанні пажаранебяспечных дзеянняў дзятлаўчан.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: