Днямі споўнілася 60 гадоў нашаму земляку, члену Беларускага саюза мастакоў Івану Козелу.
Іван Мікалаевіч ужо не раз знаёміў дзятлаўчан са сваёй творчасцю. Многія з яго карцін – краявіды і архітэктура Дзятлаўшчыны. Сёння, у Міжнародны дзень музеяў, у раённым гісторыка-краязнаўчым музеі вядомага мастака з юбілейным днём нараджэння віншавала шмат гасцей, якія прыйшлі на прэзентацыю альбома-каталога яго работ “Вабяць родныя прасторы”.
– Сёння асаблівы дзень. Паход у музей – гэта заўсёды свята. Кожны наведвальнік трапляе зусім у іншы свет, які захоўвае ў сабе шмат таямніц і загадак мінулага. Таксама ў музеі ёсць магчымасць пазнаёміцца з творчасцю розных вядомых людзей: паспрабаваць зразумець, што хацеў сказаць аўтар той ці іншай карцінай, пранікнуцца прыгожай фатаграфіяй або захапіцца цікавай скульптурай. Прыемна, што ў гэты святочны дзень мы сустракаемся з нашымі землякамі, якія праслаўляюць Дзятлаўскі раён сваёй творчасцю, – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.
Андрэй Уладзіміравіч уручыў Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта жывапісцу Івану Козелу за папулярызацыю малой радзімы, асабісты ўклад у развіццё музейнай справы і ў сувязі з 60-гадовым юбілеем.
Таксама за актыўны ўдзел у выставачнай дзейнасці, асабісты ўклад у развіццё культуры роднага краю Падзячным лістом старшыні райвыканкама быў узнагароджаны мастак-кераміст Анатоль Кардаш.
Кіраўнік раёна падзякаваў мастакам за творчую працу.
Удзельнікам сустрэчы расказалі пра творчы шлях Івана Козела, паказалі відэапрэзентацыю, у якой былі прадстаўлены многія з яго карцін. У адрас мастака гучала шмат цёплых слоў і пажаданняў. Ён абменьваўся з гасцямі рознымі падарункамі.
Святочную атмасферу мерапрыемству надавалі песні ў выкананні артыстаў Дзятлаўшчыны.
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga