Аддаленыя вёскі раёна ў рамках акцыі “Журавы нашай памяці”, прымеркаванай да 77-й гадавіны Вялікай Перамогі і Года гістарычнай памяці наведаў творчы калектыў сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці разам з бібліятэкарам пазастацыянарнага абслугоўвання Дзятлаўскай раённай бібліятэкі.
Напярэдадні артысты правялі майстар-клас з наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” і змайстравалі папяровых птушачак.
І вось ужо гасцей сустракалі жыхары вёсак Яцвезь, Апаліна-Басіна, Каменка, Хадзяўляны, якія з задавальненнем далучыліся да акцыі. Вяскоўцы ўзгадалі імёны герояў, якія застануцца ў нашых сэрцах навечна, і напісалі на белых папяровых журавах свае пажаданні да Дня Перамогі.
Каб аддзячыць пакаленню пераможцаў за мірнае неба над галавой, удзельнікі акцыі прымацавалі сваіх птушак на блакітны фон, які сімвалізуе бясхмарнае неба. Карціну запоўнілі белыя журавы памяці, якіх у народзе часта параўноўваюць з душамі загінулых салдат. Усе разам праспявалі песню, без якой не абыходзіцца ні адно 9 Мая – “Дзень Перамогі”.
Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена сектарам пазастацыянарнага абслугоўвання
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga