“У адзінстве – наша сіла”

Важнае Культура і адпачынак

Святочную канцэртную праграму пад такой назвай у аграгарадку Хвінявічы арганізавалі работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці сумесна з Хвінявіцкім дзіцячым садам-сярэдняй школай.

Сустрэча была прымеркавана да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі і праходзіла з удзелам артыстаў і калектываў нашага раёна.

Для педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў гучалі песні аб прыгожай, сінявокай Беларусі. Таццяна Шостка, Сяргей Малышчык, трыа народнага ансамбля песні і музыкі “Ятранка” і Ганна Харлінская спявалі аб тым, што мы з Расіяй – добрыя суседзі, нас радніць агульнае імкненне жыць у міры і згодзе, у нашых краін спеўныя, мілагучныя мелодыі, а ў іх – чыстая душа народа.

Наколькі добра гледачы ведаюць свой родны край, яго сімволіку, знакамітых землякоў, славутыя мясціны Беларусі, паказала тэматычная віктарына, падрыхтаваная да свята.

Вынікі выязнога канцэрта падвяла загадчыца аддзела метадычнай работы Марына Лукіянец:

– Падобныя мерапрыемствы нагадваюць нам, што традыцыі Дня яднання народаў Беларусі і Расіі абапіраюцца на памяць мінулых пакаленняў і, разам з тым, скіраваны ў будучыню, паколькі сімвалізуюць надзею, што нашы народы ніколі не разарвуць сваіх блізкіх сувязяў. Пра гэта варта расказваць нашым дзецям. Мы з Расіяй – добрыя суседзі і павінны прыкласці ўсе намаганні, каб наш агульны дом заставаўся крыніцай дабра, міру і сяброўства.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены арганізатарамі свята

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga