Чарговая прафарыентацыйная акцыя “Дзень з прадпрыемствам” прайшла на Дзятлаўшчыне.
На гэты раз намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік запрасіла навучэнцаў сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава наведаць раённы аддзел Дэпартамента аховы.
Васьмікласнікі і іх класны кіраўнік Алена Рынгель з задавальненнем прынялі прапанову і не пашкадавалі – міліцыянер-кінолаг групы затрымання ўзвода міліцыі Андрэй Жэгалік пазнаёміў дзяцей са сваім чацвераногім памочнікам – службовым сабакам Рэем.
На пачатку Андрэй Віктаравіч зрабіў для школьнікаў невялікі экскурс у прафесію: расказаў пра галоўныя патрабаванні да кандыдатаў, якія жадаюць паступіць на службу, зазначыў, што курс навучання можна прайсці ў вучэбным цэнтры для спецыялістаў Дэпартамента аховы ў Гаранях, а ў ліку паўсядзённых службовых задач супрацоўнікаў – ахова грамадскага парадку, асабістай і дзяржаўнай маёмасці, папярэджанне і своечасовае раскрыццё злачынстваў, забеспячэнне бяспекі людзей.
Каб не быць галаслоўным, міліцыянер-кінолаг запрасіў гасцей на пляцоўку, дзе разам з калегамі прадэманстраваў ім службовы аўтамабіль і спецвопратку групы затрымання. Навучэнцам нават дазволілі пасядзець за рулём, памераць бронекамізэльку і шлем, сфатаграфавацца на памяць.
Аднак самыя яркія эмоцыі ў дзяцей выклікала знаёмства са службовым сабакам Рэем, які выконваў каманды міліцыянера-кінолага, разумеў не толькі словы Андрэя Віктаравіча, але і яго жэсты. Чацвераногі памочнік хутка і паслухмяна прайшоў паласу перашкодаў, дазволіў дзецям пагладзіць сябе і пафатаграфавацца на памяць, а затым з лёгкасцю на вачах у гасцей затрымаў умоўнага злачынцу.
Паколькі візіт дзяцей супаў з Днём чарнобыльскай трагедыі, на сустрэчу з імі запрасілі ветэранаў службы, ліквідатараў наступстваў аварыі на ЧАЭС Мікалая Парфіновіча і Валянціна Лабарэвіча.
Яны расказалі васьмікласнікам, як у свой час неслі службу ў чарнобыльскай зоне, аховаючы там населеныя пункты.
Мікалай Парфіновіч дасціпна растлумачыў, чаму гэта было важна, узгадаўшы выпадак затрымання марадзёраў, якія спрабавалі вывезці з бруднай зоны адзенне і іншы тавар з магазіна. Калі б рэчы, радыяцыйны фон на якіх “зашкальваў”, трапілі да пакупнікоў на чорным рынку, – быць бядзе: яны б маглі сур’ёзна падарваць здароўе людзей.
Службе аховы ліквідатары аддалі не адзін дзясятак гадоў, яны і цяпер прымаюць самы актыўны ўдзел у выхаванні асабовага саставу, гатовы расказаць шмат цікавага і важнага падрастаючаму пакаленню.
Васьмікласнікі пакідалі аддзел з цудоўным настроем, некаторыя нават зазначалі, што хацелі б яшчэ раз тут пабываць. Будзем спадзявацца, што хто-небудзь з дзяцей у далейшым усур’ёз задумаецца над выбарам прафесіі супрацоўніка Дэпартамента аховы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga