На Дзятлаўшчыне ў вёсцы Дубраўка каля мемарыяла, усталяванага ў памяць аб 98 расстраляных мірных жыхарах, высадзілі алею з 47 саджанцаў бярозак.
Роўна столькі дамоў спалілі нямецкія акупанты ў гэтым населеным пункце ў час Вялікай Айчыннай вайны. У патрыятычнай акцыі “Алея памяці” прынялі ўдзел члены раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, а таксама навучэнцы Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.
Сваімі думкамі падзялілася старшыня РА ГА “БСЖ” Алена Васкель:
– Кожная пасаджаная бярозка – даніна памяці ахвярам фашысцкіх карнікаў. Мы заўсёды будзем памятаць аб тых страшных падзеях, якія адбываліся ў нашым раёне ў час вайны. Гэта нельга забываць. Народ, які не памятае свайго мінулага або імкнецца любымі спосабамі ўтойваць дакладныя факты і не звяртаць увагу на гістарычную праўду, не мае будучыні. Прымаць удзел у такіх мерапрыемствах вельмі важна. Яны кранаюць да глыбіні душы як нас, дарослых, так і падрастаючае пакаленне, дазваляюць паглядзець на многія рэчы зусім іншымі вачамі. Разам з тым, прывіваюць дзецям любоў да Радзімы, паказваюць, што неабходна берагчы і цаніць жыццё, памятаць подзвіг продкаў, ведаць гісторыю свайго краю, з павагай ставіцца да помнікаў мінулага, рабіць усё магчымае, каб захаваць мір і не дапусціць новай вайны.
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga