Факты, якія нельга перапісаць

Галоўнае Улада

У Год гістарычнай памяці ў нашым раёне адкрылася першая экспазіцыя, прысвечаная генацыду мірнага насельніцтва Дзятлаўшчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Яна з’явілася на базе музея “Дзеці ліхалецця” ў Новаяльнянскай сярэдняй школе. У адкрыцці прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, раённых пракуратуры, ваеннага камісарыята, аддзела адукацыі, педагогі і вучні школы.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі адзначыў, што даследаванне нашай гісторыі сёння як ніколі важна для беларусаў:

– Ні для адной з краін постсавецкай прасторы тэма генацыду мірнага насельніцтва не з’яўляецца такой актуальнай і хвалюючай, як для Беларусі. За гады вайны Беларусь, акрамя ўсіх загінулых у ваенны час, страціла каля мільёна сваіх грамадзян, лёс якіх дагэтуль быў невядомы. У мінулым годзе Прэзідэнт Беларусі і Урад даручылі Генеральнай пракуратуры правесці дэтальнае расследаванне, каб максімальна поўна аднавіць імёны ахвяраў фашыстаў сярод мірнага насельніцтва. На карце нашай Беларусі населеныя пункты, знішчаныя карнікамі ў гады вайны, як незагойныя раны, боль у сэрцы кожнага беларуса. Дзятлаўшчына таксама заплаціла за сённяшняе мірнае неба вельмі высокую цану. Пасля завяршэння расследавання лічбы загінулых у Дзятлаўскім раёне ў гады вайны, надрукаваныя ў кнізе “Памяць”, істотна павялічацца. Сёння ў нас ёсць магчымасць ведаць сапраўдную гісторыю, перадаць сваім нашчадкам і не дазволіць нікому яе перапісаць, перайначыць.

Пракурор Дзятлаўскага раёна Алег Вялічка падкрэсліў, як важна менавіта цяпер дабрацца да праўды і абнародаваць яе:

– Падзеі жніўня 2020 года паказалі, што мы сталі забываць урокі гісторыі, грэбаваць мірам, свабодай, правам на самавызначэнне, дасягнутымі жыццём і крывёю нашых родных і блізкіх. У сувязі з гэтым у красавіку 2021 года Генеральная пракуратура прыняла рашэнне распачаць крымінальную справу па артыкуле 127 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь па факце генацыду мірнага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны – аднаго з самых жудасных з вядомых чалавецтву злачынстваў. Расследаванне скіравана на выяўленне ўсіх фактаў і абставінаў праяўлення генацыду нашага народа, каб мы маглі ўшанаваць памяць усіх ахвяраў вайны. Галоўнае, каб у нас назаўжды засталася перасцярога супраць спробаў перапісаць гісторыю.

Супрацоўнік ваеннага камісарыята Валянцін Абухаў пазнаёміў прысутных з ходам пошукавых работ і іх вынікамі. Дзякуючы зняццю грыфа “цалкам сакрэтна” з многіх архіўных дакументаў, праліваецца святло на новыя факты фашысцкіх злачынстваў, а ў спісах загінулых землякоў замест “невядомых” з’яўляюцца прозвішчы.

– Я не магу сёння расказваць вам, дзеці, аб тых зверствах, якія здзейснілі на нашай зямлі нават не гітлераўцы, а прадстаўнікі так званых “ахоўных” атрадаў – літоўцаў, палякаў, украінцаў, эстонцаў і нават мясцовых людзей – здраднікаў Радзімы, – звярнуўся да школьнікаў Валянцін Аляксеевіч. – Іх злачынствы сапраўды жудасныя, а іх нельга назваць людзьмі. За свае дзеянні многія з іх атрымалі вельмі суровае, але справядлівае пакаранне.

Ён заўважыў, што карпатлівая даследчая праца атрымае свой вынік – будзе надрукавана ў зборніках, з якімі змогуць пазнаёміцца не толькі жыхары раёна, але і ўсе жадаючыя. У будучыні ўбачыць свет кніга краязнаўцы Міхаіла Лук’янчыка, у якой будуць сабраны навелы-сведчанні тых, хто прайшоў праз генацыд і змог выжыць.

Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус падзякавала за плённае супрацоўніцтва педагагічнаму калектыву Новаяльнянскай школы:

– Ваша ўстанова адукацыі першая з Дзятлаўскага раёна ўключана ў рэспубліканскі пілотны праект па вывучэнні гісторыі роднага краю. Школьны музей наведваюць дзеці з розных рэгіёнаў Беларусі. Шматлікія госці музея змогуць адкрыць для сябе гэту трагічную старонку ваенных гадоў на Дзятлаўшчыне.

Захавальніца і галоўная натхняльніца даследчай работы ў школьным музеі, яго кіраўнік Тамара Крывеня заўважыла, што галоўны сэнс усёй даследчай работы, якая вядзецца на базе музея, – не проста адкрыць праўду, але і перадаць яе наступным пакаленням, не перарваць нітку памяці. Практычна кожны дзень у музеі “Дзеці ліхалецця” – маленькія і юныя госці, якія пранікаюцца горкай гісторыяй ваенных гадоў, па словах жанчыны, “пакідаюць тэматычныя заняткі больш дарослымі”. Тэма генацыду мірнага насельніцтва ў нашым раёне ўжо ўвайшла ў пазнавальна-адукацыйны працэс, які вядзецца на базе музея.

У выставе “Генацыд на Дзятлаўшчыне” былі выкарыстаны матэрыялы па справе аб генацыдзе мірнага насельніцтва, якую вядзе Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь, сведчанні, прадастаўленыя мясцовымі краязнаўцамі, архіўныя дакументы. На карту вёсак, якія пацярпелі ад генацыду, нанесены 31 населены пункт. Інфармацыя экспазіцыі будзе дынамічнай: у хуткім часе яна дапоўніцца новымі адкрытымі звесткамі. Падобныя інфармацыйныя стэнды і інтэрактыўныя карты па тэме генацыду на Дзятлаўшчыне з’явяцца ў кожным школьным музеі раёна.

 

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: