Віншаванні прымала Ніна Антончык з Чарлёнкі
Пасля чарговай публікацыі ў рамках работы над праектам “Глыбінкай жыве Беларусь”, дзе артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці расказвалі, хто на Дзятлаўшчыне можа атрымаць “жывую музычную паштоўку”, загадчыцы сектара Ганне Харлінскай паступіў тэлефонны званок.
З ёю звязалася Вольга Антончык з аграгарадка Раготна. Жанчына расказала, што пастаянна сочыць за навінамі на сайце раённай газеты “Перамога” і перыядычна чытае артыкулы аб віншаваннях землякоў-юбіляраў. Вядома ж, людзям прыемна, калі на іх асабістае свята прыязджаюць артысты, гучыць жывая музыка, а потым родныя, сябры і проста знаёмыя, нават у іншых гарадах, на вялікіх адлегласцях могуць пабачыць у інтэрнэце фотаздымкі, прачытаць артыкул і акунуцца ў атмасферу свята.
Вольга расказала, што яе матуля Ніна Антончык з аддаленай вёскі Чарлёнка ў сёлетнім красавіку адзначае свой 77-ы дзень нараджэння. Дата гэта не юбілейная, аднак таксама важкая, таму сям’я хоча арганізаваць для сваёй самай роднай і любімай прыемны сюрпрыз з запрашэннем артыстаў сектара.
– Ну як было не пагадзіцца, не прыняць удзел у падрыхтоўцы такога цёплага сямейнага свята? – зазначаюць работнікі культуры.
Красавіцкім днём Ганна Харлінская, Марына Варган і Чэслаў Свіб накіраваліся ў вёску Чарлёнка з “жывой музычнай паштоўкай” для імянінніцы. Варта зазначыць, што, нягледзячы на вясновую дату на календары, надвор’е выдалася па-зімоваму няўстойлівым, нават снежным, аднак гэта не перашкодзіла прыемнай і цёплай сустрэчы.
На падворку Ніны Іосіфаўны ўжо сабралася дружная кампанія з дзяцей, унукаў, праўнукаў, блізкіх сябровак, адразу было відаць, што паабяцаны сюрпрыз тут чакалі з нецярпеннем і да яго рыхтаваліся, унукі нават захапілі мабільны тэлефон, каб зняць урачыстасць для сямейнага архіва.
Госці шчыра павіншавалі імянінніцу, пажадалі ёй моцнага здароўя і яшчэ шмат гадоў радаваць блізкіх сваім аптымізмам, бо так важна ў нашым жыцці, калі вокны бацькоўскага дома свецяцца прывабным агеньчыкам, а на парозе сваіх дзяцей чакае мама, якая выслухае, супакоіць душэўныя турботы і, як у дзяцінстве, пачастуе чым-небудзь смачным.
У гэты дзень для Ніны Іосіфаўны гучалі самыя шчырыя словы, добрыя пажаданні, душэўныя песні мінулых гадоў, жывыя гукі акардэона. Нават пранізлівы вецер не змог выдуць з сэрцаў прысутных радасць, шчасце і прыўзняты настрой.
Імянінніца расказала гасцям пра свой лёс. Адметна, што нарадзілася і ўсе 77 гадоў яна пражыла ў роднай хаце, у вабным маляўнічым куточку нашага раёна – вёсцы Чарлёнка, якая раскінулася на беразе хуткаплыннай рэчкі Шчары. Ніна была малодшым, пятым, дзіцём у шматдзетнай сялянскай сям’і. Чарлёнка яе маладосці ўзгадваецца як шматнаселеная вёска са значнай колькасцю дзяцей, пачатковай школай, магазінам, фермай тагачаснага калгаса “Слава працы”. Дзяўчынка хадзіла ў школу спачатку ў Пархуты, затым у Падвялікае, а па заканчэнні 7 класаў уладкавалася працаваць у роднай вёсцы на ферму. Узгадвае, што там было 7 даярак, за кожнай замацавана па 12 кароў, якіх даілі ўручную. На беразе Шчары калгас пабудаваў свой дом адпачынку, і менавіта там кожны месяц праходзілі сходы работнікаў, у якіх прымала ўдзел і Ніна Іосіфаўна, быў у і свой самадзейны калектыў “Рэчанька”. Можа, таму Ніна Антончык і цяпер любіць паспяваць родным і гасцям старадаўнія мілагучныя песні.
З малой радзімай звязаны і сямейны лёс жанчыны: яе будучы муж, Карл Карлавіч, таксама жыў у Чарлёнцы. Разам выгадавалі сына Леаніда, дачок Вольгу і Святлану. Больш за дзесяцігоддзе роднага чалавека няма побач, але Ніну Іосіфаўну часта наведваюць дзеці, не даюць сумаваць шасцёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў. Не абышоўся без малодшага пакалення і бабулін дзень нараджэння – з задавальненнем разам пафатаграфаваліся на памяць.
Пра асабісты сакрэт даўгалецця Ніна Антончык кажа, што, як і многія іншыя землякі з глыбінкі, “знайшла” яго ў шчырай працы, да якой далучылася з маленства, затым прывучыла і сваіх дзяцей. Антончыкі трымалі дзве каровы, свіней, авечак, хатнюю птушку, садзілі соткі і агарод, пры гэтым жанчына паспявала ткаць і вышываць. Цяперашняя гаспадарка імянінніцы больш “сціплая”, але з ёю Ніна Іосіфаўна спраўляецца самастойна. У вольны час любіць сустрэцца з сяброўкамі, пачытаць, асабліва часопісы і раманы, якія ў вёску прывозяць спецыялісты бібліобуса, а яшчэ ў сталым узросце яна захапілася вырабам карцін з алмазнай мазаікі – новыя работы, сярод якіх рукатворная ікона, упрыгожваюць сцены хаты. Маладому пакаленню імянінніца жадае берагчы здароўе, устрымлівацца ад шкодных звычак і дажыць да шаноўнага веку.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga