Надвор’е ўнесла карэктывы ў сёлетнюю пасяўную кампанію: снег у красавіку замарудзіў палявыя работы сельскай гаспадаркі.
Між тым, аграрыі раёна спадзяюцца, што перапынак будзе кароткі, і праз пару дзён “белы покрыў” растане, тэхніка зноў выйдзе ў поле. Гэту і іншыя тэмы абмеркавалі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама.
Маніторыць сітуацыю, прымаць меры
Андрэй Садоўскі заўважыў, што перапынак пасяўной здарыўся з-за неспрыяльнага надвор’я, але для іншых відаў работ, напрыклад, вывазу арганікі – гэта не перашкода. Работы павінны весціся. Таксама даў заданне аграрыям актыўна займацца рамонтам і падрыхтоўкай корманарыхтоўчай тэхнікі.
– Увогуле, у нашых сельгаспрадпрыемствах паляпшаецца сітуацыя з тэхнікай. Акрамя правядзення яе своечасовага рамонту закупляецца і новая, напрыклад, 9-метровыя касілкі набылі “Войневічы”, “Дварэц”, “Жукоўшчына”, – адзначыў Андрэй Садоўскі.
Зрабіў заўвагу кіраўнік раёна па дзейнасці свінагадоўчага комплексу ААТ “Граніт-Агра”, дзе валавай прадукцыі выраблена толькі 76 % да плана, адбываецца падзеж жывёлы. Недаглядам ветэрынарных службаў як гаспадаркі, так і раённай назваў старшыня райвыканкама прычыну сітуацыі, якая склалася ў гаспадарцы.
“Партрэт” дзятлаўскага наркамана
На мінулым тыдні ў нашым раёне быў затрыманы “закладчык” наркотыкаў. Як расказаў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль, сам “закладчык” з Ліды, а наркаспажыўцы – дзятлаўскія, прыярытэтна, гэта мужчыны, працуючыя, ва ўзросце 25-30 гадоў.
За першы квартал бягучага года 18 чалавек з раёна ізаляваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый.
Зараз праваахоўнікамі праводзяцца прафілактычныя акцыі “Дом без гвалту”, “Допінг” і іншыя.
Навядзём парадак і папоўнім лясны фонд
“Тыдзень лесу” пройдзе з 9 па 16 красавіка. На Дзятлаўшчыне традыцыйна актыўны ўдзел у пасадцы дрэў прымуць калектывы арганізацый, прадпрыемстваў, школьнікі.
Дзятлаўскім лясгасам запланаваны 42 аб’екты, з іх на 20 гектарах – стварэнне лясных культур, падрыхтавана для высадкі 18,8 тысячы штук пасадачнага матэрыялу. Таксама на тэрыторыі ляснога фонду ўздоўж дарог будзе арганізаваны збор смецця.
Іншыя тэмы коратка
У рамках рэалізацыі сумеснага праекта ратаўнікоў і выканаўчых, распарадчых органаў супрацьпажарныя ўстройствы з вывадам на фасад дома будуць устаноўлены 26 жыхарам раёна ва ўзросце 80 і больш гадоў, якія жывуць адны.
****
На барацьбу з небяспечнымі раслінамі баршчэўнікам і сумнікам (рус. – золотарник) у гэтым годзе выдзелена 5,5 тысячы рублёў. У раёне неабходна апрацоўка 3,7 гектара, занятага баршчэўнікам, і 17 гектараў – сумнікам.
****
Старшыня райвыканкама даў даручэнні навесці парадак на воінскіх пахаваннях перыяду Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ўстанавіць указальнікі і інфармацыйныя шыльды каля вёскі Коцькі, дзе ў трох брацкіх магілах спачываюць амаль дзесяць тысяч расстраляных 13 снежня 1942 года яўрэяў; каля вёскі Курпяшы, дзе ў брацкай магіле пахавана 2800 забітых фашыстамі яўрэяў, і іншых месцах масавых воінскіх пахаванняў.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga