Харчовая бяспека – шчыт нашай краіны ад выклікаў і правакацый новага часу.
Нездарма цэны ў харчовых магазінах з’яўляюцца аб’ектам пільнай увагі грамадскасці і зацікаўленых службаў. Так, чарговы маніторынг харчовых магазінаў у Дзятлаве правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сіняк. Дапамагла яму вядучы спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Алена Юшкевіч.
Узяўшы з сабой спіс сацыяльна значных тавараў, правяраючыя накіраваліся ў самыя буйныя харчовыя магазіны горада – “Еўраопт” і ўніверсам “Родны Кут”. Правяралі ўзровень цэн (падраслі ці не), а таксама наяўнасць тавараў на паліцах гандлёвых аб’ектаў.
На кантролі тавары, якія пакупнік найчасцей кладзе ў свой кошык – крупы, соль, цукар, малочныя прадукты, мука, хлеб, мяса птушкі, агародніна.
– Каб не дапусціць неабгрунтаваны рост цэн на тавары народнага спажывання, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па даручэнні кіраўніка дзяржавы сістэматычна праводзяць праверку аб’ектаў гандлю Рэспублікі Беларусь на прадмет якаснага, колькаснага і цэнавага фактара тавараў, – Уладзімір Аляксандравіч тлумачыць мэту візіту ў магазіны райцэнтра. – Для нас усіх сёння вельмі важна, каб спажывецкі ажыятаж не прывёў да неабгрунтаванага росту цэн або знікнення з прылаўкаў асобных груп харчовых тавараў, як гэта адбылося ў шэрагу заходніх краін. Наведаўшы магазіны горада Дзятлава, мы ўпэўніліся, што ў іх прытрымліваюцца сумленнай цэнавай палітыкі, а таксама сочаць за разнастайнасцю асартыментнага пераліку тавараў. Прадукты адпавядаюць сертыфікату якасці, пры гэтым прастора на паліцах выкарыстоўваецца поўнасцю. Асаблівая ўвага надаецца таварам беларускай вытворчасці.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga