Чыстае асяроддзе – здаровыя людзі

Важнае Грамадства

У нашай краіне з 9 па 16 красавіка праходзіць рэспубліканская добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу”, у рамках якой у гімназіі № 1 горада Дзятлава прайшло чарговае пасяджэнне інфармацыйна-адукацыйнага праекта ШАГ – “Школа актыўнага грамадзяніна”.

На гэты раз яно было прысвечана тэме: “Гонар за Беларусь! Чыстае навакольнае асяроддзе – ключ да здаровага жыцця (аб захаванні біяразнастайнасці, дасягненнях у галіне зберажэння экалагічна чыстага навакольнага асяроддзя)”.

У якасці экспертаў на сустрэчу са старшакласнікамі былі запрошаны каардынатар раённага валанцёрскага клуба “Мы разам!” Ірына Мішчанка і галоўны спецыяліст Дзятлаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Лявончык.

На пачатку абмеркавання Ірына Мішчанка нагадала гімназістам, што ў Беларусі захаванне спрыяльнага навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў для задавальнення патрэбаў цяперашняга і будучых пакаленняў – гэта вышэйшы прыярытэт нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця. Яна прывяла словы Прэзідэнта, якія ён выказаў на нарадзе па ўдасканаленні заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямель: “На зямлі павінен быць ідэальны парадак. Гэта наш брэнд, наш твар. Чысціня – гэта і паветра, і зямельныя рэсурсы, і лес. У гэтым гарант здароўя нашага чалавека”.

Вучні разам з экспертамі паразважалі над тым, якую ролю ў жыцці чалавека іграе прырода і ў чым асноўныя прычыны сучаснага глабальнага экалагічнага крызісу?

Якая экалагічная сітуацыя на Дзятлаўшчыне, як ажыццяўляецца маніторынг стану вытворчых і прыродаахоўных аб’ектаў і вядзецца барацьба з раслінамі-шкоднікамі – баршчэўнікам Сасноўскага і сумнікам, расказаў Андрэй Лявончык.

Практычная частка сустрэчы была прысвечана распрацоўцы раённага сацыяльна-экалагічнага праекта ЭРМ – “Экалагічны рух моладзі”. Працавалі творчыя студыі “Эколагі” і “Зялёная школа”. Прэзентацыі паказалі, што навучэнцы ў сваіх прапановах па праекце ўлічылі такія важныя аспекты, як выхаванне ў яго ўдзельнікаў любові да малой радзімы, далучэнне моладзі раёна да практычных спраў па вывучэнні і аднаўленні навакольнага асяроддзя, прапаганда здаровага ладу жыцця і адмовы ад шкодных звычак, многія іншыя.

Падводзячы вынікі пасяджэння, яго ўдзельнікі прыйшлі да галоўнай высновы: ад чысціні навакольнага асяроддзя напрамую залежыць здароўе людзей, таму гэта важны напрамак моладзевай работы.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Ірынай Мішчанка

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: