Часта думаеш: чаму аднаго чалавека помняць многія гады, адзначаюць заўсёды добрым словам, пералічваюць самыя яго лепшыя якасці, ажыўляюцца і ўсміхаюцца пры адным напаміне пра яго, а пра другога і гаварыць не хочуць?
Эт, не варты гутаркі – махнуць рукой ды пойдуць. Відаць таму, што адзін пакідае ў душы след дабрыні, спагады, чалавечнасці, а другі – толькі крыўду ды расчараванне.
Чалавекам з Вялікай літары называюць калегі, знаёмыя, сябры, суседзі юбілярку, нашу зямлячку, першую загадчыцу дзіцячага сада №2 Людмілу Мікалаеўну Курто. Ёй 21 красавіка спаўняецца 80 гадоў. Дабрыня і спагада, мацярынскія адносіны да выхаванцаў былі для яе нормай, няпісаным законам, а калектыў сада – адной сям’ёй. Такую атмасферу стварыла і многія гады падтрымлівала менавіта яна, Людміла Мікалаеўна. І перадала эстафету наступным пакаленням выхавальнікаў і кіраўнікоў. Таму і помняць, і любяць яе, і жадаюць многіх гадоў жыцця калегі.
Яўгенія Савань:
– Помню Людмілу Мікалаеўну маладой, поўнай сіл і энергіі. Яны з мужам прыехалі ў Дзятлава ў 1965 годзе. Муж быў другім сакратаром райкама партыі. Помню добра іх дзяцей – сына Сяргея і дачку Таццяну. Яны вучыліся ў сярэдняй школе №1. Добрыя былі вучні, разумныя, старанныя. Таня скончыла школу з медалём. Дзеці з сям’і Курто былі прыкладам для іншых, і не толькі ў вучобе, але і ў грамадскіх справах, прыкладных паводзінах. Сама Людміла Мікалаеўна – сапраўдны педагог-інтэлігент: тактоўная, уважлівая, ніколі не пакіне па-за ўвагай праблемы сваіх супрацоўнікаў, ветэранаў працы. Яна і зараз узначальвае савет ветэранаў работнікаў дашкольнай адукацыі. Ніколі не адмаўляецца, нягледзячы на ўзрост, наведаць ветэрана, падтрымаць, павіншаваць з юбілеем. Працую ўжо шмат гадоў поруч з ёй у ветэранскай арганізацыі і заўсёды здзіўляюся, колькі шчырасці і душэўнага цяпла ў гэтым чалавеку.
Надзея Варабей:
– Я прыехала ў Дзятлава з Ліды ў 1973 годзе і адразу трапіла на працу ў дзіцячы сад №1. Там і пазнаёмілася з Людмілай Мікалаеўнай. Яна працавала спачатку выхавальніцай, потым метадыстам. А калі вырашылі ў Дзятлаве будаваць новы сад, яе на пачатак будоўлі прызначылі загадчыцай. Людміла Мікалаеўна прайшла нямала выпрабаванняў, пакуль будынак быў уведзены ў эксплуатацыю, прыняў першых выхаванцаў. На той момант я ўжо працавала метадыстам па дашкольным выхаванні ў Дзятлаўскім РАНА, сутыкалася з загадчыцай сада №2 пастаянна. Магу сказаць пра яе словамі верша:
Есть люди добротой щедры,
И, щедрость без остатка отдавая,
Горят, как маленькие, яркие костры,
Своим теплом людей всех согревая.
Яна была кіраўніком кіраўнікоў, настаўнікам многіх выхавальнікаў. Усе пытанні мы вырашалі разумна, прыземлена, на карысць дзецям і бацькам. Тактоўнасць, высокая культура стасункаў, павага да людзей – гэтыя рысы вызначалі Людмілу Мікалаеўну як кіраўніка. Жадаю ёй моцнага здароўя і доўгіх, плённых гадоў жыцця.
Марына Янушкевіч, намеснік загадчыцы па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада №2:
– Для мяне Людміла Мікалаеўна – прыклад інтэлігентнага, разумнага, спагадлівага кіраўніка. Калі прыйшла на працу ў сад, яна прыняла мяне па-мацярынску і адначасова як сапраўдны ўпраўленец, па-дзелавому. З першай жа хвіліны мы сталі сябрамі, сяброўства працягваецца па сённяшні дзень. Часта тэлефануем адна адной, абменьваемся навінамі. Яна цікавіцца жыццём сада, не прапускае ніводнай публікацыі ў раённай газеце “Перамога”, тэлефануе нам, віншуе са святамі. Не прапусціць і Дошку гонару, калі хто з нашых трапляе туды за поспехі ў працы. Мы раўняемся на Людмілу Мікалаеўну, яна для нас апошняя інстанцыя, яе думка – самая важная і слушная. Калі пахваліць – значыць, усё ў парадку, мы справіліся са сваёй задачай.
Людміла Мікалаеўна з тых людзей, якіх хапае і на людскія радасці, і на людскія клопаты. Падтрымаць, дапамагчы, павіншаваць з круглай датай не па тэлефоне, а тэлеграмай – такое ўласціва толькі ёй. І што цікава – усіх помніць, вядзе запісы ў сваім старэнькім блакноце і ніколі нічога не прапускае. Адкрытая жыццю і людзям – вось такая яна. Ад Людмілы Мікалаеўны светла і цёпла, душа яе напоўнена любоўю да людзей і да ўсяго жывога. Няхай Бог пасылае ёй толькі здароўе і радасць.
Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па рабоце з грамадскасцю Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga