Як падкорміш, так і пажнеш (+відэа)

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Першыя цёплыя сонечныя прамяні пачалі прабівацца скрозь хмурнае неба, якое толькі-толькі прачынаецца пасля “зімовай спячкі”.

Што тут сказаць! Прыйшла вясна. Адчулі гэта і аграрыі Дзятлаўшчыны: яны актыўна ўключыліся ў сельскагаспадарчыя клопаты. Зараз на палях раёна працягваюць уносіць арганічныя і мінеральныя ўгнаенні, шчодра падкормліваць матулю-зямлю, каб потым пажаць багаты ўраджай. Так, па прыездзе на мехдвор КСУП “Хвінявічы” першае, што кінулася ў вочы, як адзін з работнікаў гаспадаркі рыхтуе сваю тэхніку да будучых сельскагаспадарчых работ.

– Гэта ён настройвае апырсквальнік для падкормкі азімых рапсу і збожжавых культур вадкімі азотнымі ўгнаеннямі, – тлумачыць галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Кугейка. – Работы ў нас ідуць поўным ходам. Унясенне ўгнаенняў з’яўляецца важным працэсам, бо яно спрыяе бездэфіцытнаму балансу гумусу, павышэнню ўрадлівасці глебы, атрыманню высокіх ураджаяў сельскагаспадарчых культур. На сённяшні дзень ажыццяўляецца падкормка глебы хлорыстым каліем пад яравую сяўбу; плануецца ўнясенне фосфарных угнаенняў пад сяўбу лёну, цукровых буракоў і пшаніцы, пасадку бульбы. Спачатку ўносіліся мінеральныя ўгнаенні, потым арганіка.

На 16 сакавіка па гаспадарцы пад яравую сяўбу каліем падкормлена 260 гектараў глебы, пры плане ў 980. Арганічных угнаенняў унесена 10,3 тысячы тон, плануецца – 44. Работы вядуцца на палях паблізу вёсак Парэчча і Руда Яварская. Падкормка глебы арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі завершыцца ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны. Для ўнясення арганікі задзейнічаны чатыры раскідвальнікі і пагрузчык АМКАДОР-352, для мінеральных угнаенняў – рассейвальнік РМУ-8000. Уся гэта тэхніка ў руках вопытных механізатараў Валерыя і Івана Кашчыкаў, Уладзіміра Скрундзя, Івана Яблонскага і іншых. Таксама ў гаспадарцы ідзе задзел арганічных угнаенняў. Пасля гэтага працаўнікі поля зоймуцца культывацыяй і сяўбой аўса.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: