Гута – маляўнічая вёска на ўскрайку Дзятлаўскага раёна, і ўжо паўтара дзесяцігоддзя яе старастай з’яўляецца паважаная сярод землякоў жанчына – Валянціна Марцінчык.
Менавіта да яе ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” накіраваліся работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Нарадзілася Валянціна Вікенцьеўна 8 кастрычніка 1960 года ў вялікай і шматнаселенай па тым часе вёсцы Лозкі. Яе бацькі – Віктар Мікалаевіч і Наталля Ігнацьеўна – жылі на бліжнім хутары, гадавалі пяцёра дзяцей. Як узгадвае наша зямлячка, сям’я мела дастатак, бо трымалі кароваў, каня, свіней, курэй, абраблялі значны надзел зямлі. Вядома ж, вялікая гаспадарка патрабавала руплівых рук. Бацькам даводзілася шмат працаваць, асабліва складана стала ў пасляваенны час, бо бацька вярнуўся з Вялікай Айчыннай вайны цяжка параненым у нагу, яго здароўе пахіснулася. Была ў яго і баявая ўзнагарода – медаль “За адвагу”.
Разам з тым, жыццё прадаўжалася, падрасталі чатыры дачкі і сын, усе былі ахвочымі да працы, адгукваліся на просьбы бацькоў аб дапамозе. З матуляй ірвалі лён, стараліся хутчэй скончыць гэту справу на сваім надзеле, каб дапамагчы аднавяскоўцам, а тыя “дзякавалі” шматдзетнай сям’і яблыкамі з уласных садоў, шылі абноўкі, выконвалі іншыя просьбы. Дзеці працавалі шмат, бо патрэбны былі грошы на падручнікі і школьную форму. Аднак і цікавых забаваў у тагачаснай дзятвы было багата: гулялі ў гульні, разам хадзілі па грыбы і ягады.
Валянціна расла паслухмянай дзяўчынкай, старанна вучылася, бо адчувала адказнасць за сябе і за гонар школы, нездарма яе выбіралі школьным камсоргам, а за поспехі ў спорце – фізоргам.
Пасля заканчэння вучобы выпускніца паступіла на гандлёвыя курсы, якія былі арганізаваны ў Дзятлаве, скончыла іх і паехала працаваць прадаўцом у вёску Гута. Прызнаецца, што спачатку было цяжкавата, але старанна набіралася вопыту, з цягам часу зразумела, што прафесію атрымала цікавую, пазнаёмілася з мясцовымі жыхарамі, асвоілася. Людзі цягнуліся да маладой прадаўшчыцы, а яна была ветлівай, умела кожнага выслухаць, старалася задаволіць просьбы, заказаць патрэбны тавар. Прыгажосць прыезджай дзяўчыны заўважалі хлопцы, паміж імі нават здараліся спрэчкі, каму клікаць яе на спатканне. Тым не менш, у 1979 годзе Валянціна Вікенцьеўна зрабіла свой жыццёвы выбар і выйшла замуж.
У маладой пары нарадзіліся тры дачкі – Людміла, Вольга, Ірына. Цяпер дзеці ўжо маюць уласныя сем’і, а Валянціна Марцінчык – шчаслівая бабуля шасцярых унукаў, якімі вельмі ганарыцца.
У вёсцы Гута Валянціну Вікенцьеўну ведаюць усе, землякі цэняць яе за сумленны характар і шчырыя адносіны да людзей, таму і выбралі старастай. Сама жанчына імкнецца апраўдаць давер людзей, стараецца своечасова вырашаць іх жыццёвыя пытанні, выконваць просьбы.
Стараста вёскі Гута ўпэўнена, што галоўны сакрэт і найвялікшы скарб беларускай глыбінкі – гэта добрасуседства, спагада, узаемадапамога, а прыгожыя краявіды і чыстае паветра – тыя выгоды, якімі прырода імкнецца аддзячыць добрых людзей.
Аднавяскоўцы таксама ўдзячны Валянціне Вікенцьеўне за грамадскія клопаты, карысныя парады, цёплыя словы спагады ў цяжкія хвіліны. Яны жадаюць сваёй старасце здароўя, даўгалецця і дабрабыту.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga